Читать онлайн Дахавік Казік бесплатно

Дахавік Казік

1. РАТАВАННЕ БУСЛА

Недалёка ад цэнтра аднаго сталічнага горада адной невялікай еўрапейскай крпамятае, бо дахавікі жывуць вельмі-вельмі доўга – адзін наш год для дахавікоў, як адзін месяц, а пасведчанняў аб нараджэнні ў старыя часы не выдавалі.

Носіць Казік старамодны фетравы капялюш-цыліндр чорнага колеру, кароткі чорны сурдут і чырвоныя штонікі – мода на адзенне ў дахавікоў мяняецца не так часта, як у людзей. Затое мае Казік прыгожыя красоўкі на тоўстай рыфлёнай падэшве і мабільны тэлефончык. У красоўках Казіку вельмі зручна бегаць па стромкіх коўзкіх дахах, а па тэлефоне дахавік размаўляе са сваімі сябрукамі, якія жывуць і ў горадзе, і нават за мяжой.

Цяпер дахавікоў у нас засталося няшмат (фактычна толькі два), бо людзі панабудавалі дамы, у якіх пляскатыя дахі. А дахавікам такія дахі не вельмі падабаюцца. Таму і давялося шматлікім Казікавым супляменнікам перасяліцца ў іншыя краі, у розныя Англіі і Ірландыі. У тых краях акурат тады мясцовыя дахавікі ад'язджалі ў далёкую Амерыку, і вызвалілася шмат месца.

А Казік застаўся дома. І найлепшы ягоны сябар Юзік таксама застаўся. Дахавік Юзік жыве ў іншым раёне горада, і сустракаюцца яны з Казікам пераважна на іх дахавікоовыя святы. А калі ім становіцца сумна, то яны размаўляюць адзін з адным па мабільных тэлефончыках. Шкада толькі, што мабільная сувязь яшчэ дарагая, а грошы ў дахавікоў бываюць нерэгулярна, бо не бяруць дахавікоў на сталую працу без дакументаў. І пенсію не плоцяць.

Аднаго разу вырашыў быў Казік дамагацца пенсіі. Пайшоў ён у Пенсійны фонд, грукнуў кулачком па стале і запатрабаваў:

– Пенсію давайце! Я грамадзянін рэспублікі! Я Купалу з Коласам няньчыў, я Цётку гадаваў!

Чыноўніца паглядзела на яго паверх акуляраў і строга спытала:

– А дакументы ў цябе ёсць, хлопчык? Пашпарт, працоўная кніжка, ну, у крайнім выпадку, правы кіроўцы?

– Не, няма, – панура адказаў Казік.

Ну адкуль, скажыце, у дахавіка можа быць працоўная кніжка ці пашпарт, не кажучы ўжо пра правы кіроўцы? Так і застаўся Казік без пенсіі.

Аднойчы, на пачатку восені, Казік адпачываў на сваім гарышчы. Там у яго паміж комінам і трубамі ацяплення стаіць маленькі ложак. Казік ляжаў на ложку і сумаваў. Раптам у адчыненае акно заляцела знясіленае бусляня.

Казік даўно жыў на свеце, а таму паспеў вывучыць шмат моў, у тым ліку і бусліную.

– Хто ты і што табе спатрэбілася на маім гарышчы? – спытаўся Казік па-буслінаму, шчоўкаючы язычком.

– Мяне клічуць Бацік, – праклекатала бусляня. – Я ад сваіх адстаў. Мы ў Афрыку ляцелі. Я прагаладаўся, захацеў жабку злавіць і заблукаў. Ы-ы-ы! Што я буду рабіць?! Я дарогі не ведаю, я ж маленькі яшчэ – толькі першы раз лячу!

– Як жа табе, беднаму, дапамагчы? А ты нумар татавага мабільнага памятаеш?

– Ага. Па-а-амятаю.

– Лічы, пашанцавала табе, хлопча. Дыктуй нумар.

Прадыктаваў Бацік нумар. Датэлефанаваўся Казік да Бацікавага таты, апавёў, што сын-шалапут у яго цяпер знаходзіцца, і дамовіліся яны, дзе буслы пачакаюць Баціка.

Пасля гэтага дахавік выцягнуў з-за коміна геаграфічны атлас і патлумачыў Баціку, дзе тое возера, каля якога яго будуць чакаць суродзічы. Потым выпілі яны малака на дарожку, бананамі закусілі, і бусел выправіўся ў шлях. А Казік лёг на ложак і зноў засумаваў. Вырашыў быў сябру патэлефанаваць, толькі вось грошы на рахунку скончыліся. Яшчэ горш дахавіку зрабілася. Але неўзабаве Казік успомніў, якую добрую справу ён зрабіў, і яму стала лягчэй.

Нечакана ў акно зноў заляцеў Бацік. У дзюбе ён трымаў партманет.

– Трымай! – праклякатаў бусел, – на дарозе знайшоў. Ізноў развітаўся і паляцеў. Гэтым разам назаўжды.

У партманеце дахавік знайшоў шмат грошай. Але наш Казік быў прыстойным і сумленным дахавіком і не мог проста так прысабечыць грошы.

Ён напісаў некалькі абвестак такога зместу: «Знойдзены партманет з грашыма. Гаспадару можна звяртацца па адрасе: вуліца Замкавая, 29, гарышча, направа каля коміна. Спытаць Казіка».

Увечары дахавік расклеіў абвескі на слупах і прыпынках ва ўсім раёне.

Цэлы тыдзень прачакаў Казік. Але да яго ніхто так і не звярнуўся па грошы.

Аплаціў тады дахавік рахунак за тэлефон, набыў красоўкі ў падарунак Юзіку, бо той даўно пра іх марыў, накупляў усялякіх прысмакаў і пателефанаваў сябру:

– Здароў, Юзік! – радасна павітаўся Казік з сябруком. – Тэрмінова прыязджай, у мяне для цябе сюрпрыз.

– Лячу, – адказаў Юзік, і пабег на вуліцу лавіць таксоўку.

І цэлых два з паловай дні балявалі Казік і Юзік. Выпілі бочку квасу, з’елі мех каўбасы. Павесяліліся, адным словам.

2. КАЗІК І ТЭХНІКА БЯСПЕКІ

Казік вельмі любіў глядзець калыханку па тэлевізары. Такая цікавая перадача! У ёй паказваюць мульцікі. А мульцікі Казік, як і іншыя дахавікі, проста абажаў. Усіх гэтых Віні-Пухаў з Пятачкамі, Малых з Карлсанамі, фрэкен Бок…

Да фрэкен Бок у Казіка была нейкая незразумелая любоў. Ён часта казаў свайму найлепшаму сябру Юзіку:

– У нас такіх жанчын няма.

Казік нават збіраўся ехаць у Стакгольм на пошукі фрэкен Бок, і Юзіку давялося прыкласці шмат намаганняў, каб адгаварыць яго ад гэтай не вельмі разумнай задумы.

Свайго тэлевізара ў Казіка не было, але дахавік знайшоў выйсце. Ён залазіў на край даху і, быццам акрабат, завісаў уніз галавой каля суседскага акна. Дзеці ўвечары глядзелі калыханку, і праз акно можна было паглядзець тэлевізар разам з імі. Праўда, давялося доўга прызвычайвацца да таго, што ў тэлевізары ўсё было дагары нагамі. Але гэта ж дробязі ў параўнанні з асалодай ад прагляду ўлюбёнай перадачы.

Вось і сёння Казік заняў сваё месца і павіс уніз галавой, зачапіўшыся за край даху. Дзеці ў залі ўключылі тэлевізар, і па экране забегалі маляваныя героі.

Казік так захапіўся перадачай і развітальнай песняй-калыханкай, што і не прыкмеціў, як заснуў. Прачнуўся ён ад ад моцнага ўдару і грукату. Бумс! Ён сарваўся і ўпаў на суседскі балкон. Калі б унізе не было балкона, то ніколі больш дахавіку не давялося б яшчэ раз паглядзець калыханку. Засталося б ад яго толькі мокрае месца. Казік гэта ведаў дакладна. Зусім нядаўна ў Казікавым доме з трэцяга паверха вывалілася бабулька, і Казік, седзячы на сваім даху, бачыў, як па яе прыязджалі машына «хуткай дапамогі» і паліцыя.

Успомніўшы гэта, Казік аж затросся.

– Бррр!

Неяк ён дабраўся да свайго даху і патэлефанаваў Юзіку.

Праз паўгадзіны сябар са слоікам ліпавага мёду быў ужо каля ложка Казіка.

– Будзем лекаваць цябе мёдам, – сказаў Юзік. – Дапамагае ў дзевяноста дзевяці адсотках ад любой хваробы.

І сапраўды, раніцай Казік быў як агурочак, бадзёры і вясёлы.

Юзік, які правёў усю ноч побач з сябрам, пачаў яго прабіраць:

– Будзеш ведаць, як парушаць тэхніку бяспекі.

– А што такое тэхніка бяспекі?

Казік заўсёды, калі чаго ня ведаў, пытаўся ў Юзіка. Юзік шмат гадоў пражыў на даху гарадской бібліятэкі і лічыўся сярод дахавікоў вельмі начытаным і разумным. Ён бы і надалей жыў на бібліятэчным даху, але бібліятэка пераехала ў новы будынак, стары будынак пачалі рэстаўраваць і Юзік мусіў адтуль з’ехаць, бо рэстаўратары заміналі нармальна жыць.

– Што такое тэхніка бяспекі? – перапытаў Казік.

– Ну як бы табе патлумачыць?

Юзік абвёў позіркам гарышча і, пабачыўшы разетку, праз якую Казік падзараджаў свой мабільны тэлефончык, сказаў:

– Тыцні два пальцы ў разетку.

Казік і тыцнуў. Пасыпаліся іскры, і цела Казіка пачало біцца ў рытме бугі-вугі. Нарэшце пальцы выскачылі з адтулін разеткі, і дахавік споўз па сценцы. З-пад цыліндра ішоў дым, а на каленках Казікавых штонікаў свяціліся дзіркі. Лоб у Казіка быў увесь мокры.

– Вось гэта і ёсць парушэнне правіл тэхнікі бяспекі, – весела сказаў Юзік. Ён увесь ажно ззяў ад таго, што змог так даходліва растлумачыць сябру пра тэхніку бяспекі.

– І што мне з табой рабіць? Тэлевізар – гэта як цукеркі, ты ж ізноў палезеш сваю калыханку глядзець, – Юзік пачаў задумліва хадзіць узад-уперад. – Табе тэрмінова трэба купіць тэлевізар, – нарэшце сказаў ён.

– Ага. Тэлевізар! Ды ён трыста талераў каштуе! – адказаў Казік.

– Праблема, – пагадзіўся Юзік. – Але я што-небудзь прыдумаю. А пакуль, – чао…

3. ПЛАН

Сонейка, на якое апоўдні нельга было зірнуць, увечары пачало цямнець і рабіцца барвовым. Дзень рыхтаваўся да сну, а разам з ім і сонца. Яно пакрысе хавалася за суседнім домам.

Дахавік Казік сядзеў на краі свайго даху, звесіўшы ножкі, і займаўся вельмі сур’ёзнай справай – пускаў бурбалкі.

Казік быў майстрам у пусканні бурбалак. Нават чэмпіён горада, шасцігадовы Янук Ладыжка, не мог выдзімаць бурбалкі такога памеру і такой рознакаляровасці. І толькі інтрыгі арганізатара чэмпіянату па пусканні мыльных бурбалак, які адначасова быў яшчэ і бацькам Янука, не дазволілі Казіку атрымаць медаль чэмпіёна.

Як толькі Казік на чэмпіянаце надзімаў цудоўную бурбалку, Базыль і Юрась, пяцігадовыя агенты Януковага бацькі, стралялі па бурбалцы з трубачак. Кулямі служылі яблычныя зярняткі. Казік ледзь не плакаў ад крыўды і несправядлівасці. Ён вырашыў узмоцнена трэніравацца, каб да наступнага чэмпіянату навучыцца пускаць бурбалкі, якім не будуць страшныя ніякія зярняткі.

Сонейка хавалася за дом, а Казік сядзеў, пускаў бурбалкі і назіраў, як яны плаўна апускаліся на брук тратуара і пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі.

Раптам каля дома прыпынілася таксоўка. З салона «Фальксвагена» вылез сябар Юзік. На плячы ў яго сядзела варона. Казік прыгледзеўся і пазнаў Карыну, якая была іх агульнай знаёмай.

Юзік і Карына задралі галовы ўгору і, прыкмеціўшы Казіка, весела памахалі яму: Юзік – ручкай, Карына – крылом. Праз некалькі хвілін сябры ўжо сядзелі разам і весела сакаталі.

– Памятаеш, я казаў, што табе патрэбны тэлевізар? – спытаўся ў Казіка Юзік.

– А як жа, – адказаў Казік і пацёр бок, які ён моцна ўдарыў падчас прагляду калыханкі.

– Ну дык вось, у Карыны ёсць план, як зарабіць грошы на тэлек.

– Так, так, кар-р, – пацвердзіла варона.

Варта адзначыць, што Карына ніколі не кідала слоў на вецер. Калі сказала, значыцца, сапраўды ведае, як зарабіць трыста талераў. Доўгае жыццё прывучыла варону трымаць слова.

Карына, як усялякая дама, утойвала свой узрост, але ўсе знаёмыя ведалі, што ёй вось-вось будзе дзевяноста гадоў, і паціху рыхтавалі падарункі на юбілей.

– Значыцца, так, – працягвала Карына, —неўзабаве пачнецца перапіс насельніцтва, і я дамовілася праз знаёмую варону з магістрату, што вас возьмуць перапісчыкамі. Аплата 150 талераў. Фотакарткі ў вас ёсць?

– У мяне няма, – ціха сказаў Казік, – я не фотагенічны.

– Не фота які? – перапытала Карына.

– Ну, у мяне заўсёды нос крывым на картачцы атрымліваецца.

– Галоўнае, каб рукі не былі крывымі, бо пісаць давядзецца. А крывы нос перапісчыку не зашкодзіць. Тэрмінова сфатаграфавацца!

– А навошта гэты перапіс? – нясмела спытаўся Казік.

Тут да размовы падключыўся Юзік.

– Як гэта, навошта? Каб ведаць, колькі трэба дзіцячых садкоў і школак, колькі трэба тралейбусаў і трамвайчыкаў, колькі… Ну, ты зразумеў, Казік?

– Ага. Зразумеў. А вось сабак, мяркую, ніхто не перапісвае.

– Чаму ты так думаеш? – у адзін голас запыталіся Карына і Юзік.

– Каб іх перапісвалі, то напыснікаў у крамах ставала б для ўсіх сабак. А ў нас у двары, вунь паглядзіце, у паловы гаспадароў сабакі без напыснікаў. Неяк мяне адзін баксёр нават укусіў за лытку. Вось я і мяркую, што сабак не перапісваюць.

– Які ты, Казік, разумны, кар-р, – сказала Карына.

– Геній! – захапляльна дадаў Юзік.

Сонейка схавалася за суседні дах. Дзень скончыўся, і сябры, дамовіўшыся сустрэцца зноў, развіталіся.

4. ГЕРОЯМІ НЕ НАРАДЖАЮЦЦА

Казік прачнуўся ад пілікання тэлефончыка. Не расплюшчваючы вачэй, ён намацаў мабілку.

– Казік слухае.

– Спіце, пан пажарнік? – у слухаўцы зарагаталі, – Юзік ля апарата. Давай хутчэй падымайся, мы з пані Карынай цябе абчакаліся.

Казік падхапіўся і пачаў мітусліва гойсаць па гарышчы, збіраючы адзенне і запіхваючы ў рот печыва

Праз паўгадзіны сябры ўжо былі каля гарадской ратушы. Казік і Юзік зайшлі ў будынак, а Карына засталася на вуліцы, матывуючы нежаданне ісці разам з сябрамі тым, што яна, маўляў, сёння кепска выглядае.

Дахавікі блукалі па магістраце, можа, з гадзіну, пакуль, нарэшце, не натрапілі на дзверы з шыльдай «ГАЛОЎНЫ ПЕРАПІСЧЫК».

Юзік прыадчыніў дзверы, і яны зайшлі ў кабінет.

За вялікім бліскучым сталом, на якім стаяла мноства розных прычындалаў, сядзеў маленькі вусаты чалавек.

– Добры дзень, сказаў Казік.

– Дзень добры, – адказаў вусач. Ён падняўся з-за стала і, падышоўшы да дахавікоў, працягнуў руку: – Галоўны перапісчык.

Казік паціснуў яму руку і адрэкамендаваўся:

– Казімір.

– Юзік таксама павітаўся і сказаў:

– А я Юзік.

– Начуты, начуты, як жа, – прабасіў Галоўны перапісчык, – Ну што ж, панове, зоймемся інструктажам…

Нараніцу сябры прыступілі да перапісу. Ранак быў пахмурны, імжэў дожджык. Першым на іх шляху быў дом нумар 13 па вуліцы Кароткабродскай. Дахавікі з варонай падыйшлі да пад’езда. За імі да дома наблізіўся бамбіза ў цёмных акулярах. Галава ў бамбізы была лысая і круглая, як більярдны шар, а твар з трохдзённай поўсцю расплываўся ў інтэлігентнай усмешцы.

Казік націснуў пімпачку дамафона.

– Хто там? – данеслася пытанне.

Дахавік прыўзняўся на дыбачках і крыкнуў у мікрафон:

– Гэта мы! Перапісчыкі!

«Пілім-пілім», – раздаўся гук, і дзверы адчыніліся.

Перапісчыкі падняліся на другі паверх і пазванілі ў дзверы кватэры. Ім адчыніла гаспадыня – мажная пані ў фартуху.

– Заходзьце, калі ласка, – амаль дзявочым голасам прапанавала гаспадыня.

Перапісчыкі зайшлі ў вітальню. І тут раптоўна… Раптоўна прагучаў хрыпаты голас:

– Усім заставацца на месцы! Гэта рабаўніцтва!

Хрыпаты голас належыў лысаму бамбізу, у руках ён трымаў вялізны пісталет.

– Я сказаў, рабаўніцтва! – нядобра паўтарыў лысы.

Пачуўшы гэта, гаспадыня і Юзік сінхронна згубілі прытомнасць. Плюх! – грукнуўся на падлогу Юзік. Ба-бах! – а гэта гаспадыня.

Казік нечакана для сябе ўпіўся зубамі ў руку лысаму рабаўніку. Сківіцы сціснуліся, быццам у бультэр'ера, і толькі пасля гэтага Казік услед за Юзікам і гаспадыняй страціў прытомнасць. Рабаўнік, які не чакаў такога развіцьця падзей, упусціў пісталет і заскуголіў ад болю:

– А-а-ааа!!!!

Але Казікавы зубы ўчапіліся моцна.

Тут Карына імгненна прадубліравала Казікаў укус кантрольным дзяўбком у лоб лысага. Бамбіза узвыў ад болевага шоку і, знепрытоміўшы, таксама грукнуўся на падлогу. Справа была скончана.

Калі паліцыя, выкліканая суседзямі, увалілася ў кватэру, на падлозе ляжалі чатыры непрытомныя целы, і толькі варона Карына пераможна махала крыламі, выгукваючы пры гэтым:

– Кар-р! Кар-р-р!!!

Інспектар паліцыі зірнуў на нерухомага бандыта і радасна сказаў:

– Знаёмы твар!

Як выявілася, гэта быў жулік па мянушцы Глобус, аб’яўлены Інтэрполам у міжнародны вышук. Глобус займаўся рабункам цацак і дзіцячых кніжак. Доўгі шлейф злачынстваў цягнуўся за ім па цэлай Еўропе. Сотні дзяўчынак і хлапчукоў засталіся праз бандыта без улюбёных цацак. Нават пісталет у Глобуса быў вадзяным. Ён яго адабраў у беднага іспанскага хлопчыка. І толькі дзякуючы Казіку і Юзіку з Карынай удалося пакласці канец Глобусавым злачынствам.

На наступны дзень у будынку гарадской паліцыі шэф паліцыі у прысутнасці бургамістра горада і шматлікіх гасцей ўзнагародзіў Казіка, Юзіка і Карыну значкамі «Ганаровы паліцыянт», а прадстаўнік Інтэрпола абвясціў аб прэміі ў 500 талераў для герояў.

Цяпер тэлевізар быў дакладна ў Казікавай кішэні.

5. НОВЫ СЯБАР

Пасля кароткай ночы прыйшла звычайная летняя раніца. На вуліцах і завулках лянотна пазяхалі каты. Горад яшчэ спаў, і толькі дворнікі шкрабалі сваімі дзеркачамі па бруку. Шурх-шур-р-х, шух-х-шух, неслася з усіх бакоў у празрыстай ранішнай цішы. Раз-пораз пад вокнамі старых камяніц павольна прапаўзалі першыя тралейбусы з нешматлікімі заспанымі гарунамі-пасажырамі.

Дахавік Казік салодка соп у сваім маленькім ложку, які стаяў на гарышчы стогадовага дому ля такога ж стогадовага коміна. На антэнных кабелях, што аблытвалі бэлькі, быццам павуцінне, віселі Казікавы штонікі і сурдут. Дахавік сніў каляровы сон, у якім ён падарожнічаў з аднаго даху на другі па чароўнай вясёлцы, нібыта па мосце. Вясёлка выгіналася велізарнай дугой па-над горадам, і з яе гарба адкрываўся шыкоўны краявід. Казік сядзеў на вясёлцы і глядзеў уніз, на чырвоныя, зялёныя і шэрыя дахі, на тэлевежу, якая сваім шпілем даставала амаль да вясёлкі, на рэчку, што з вышыні здавалася тоненькай стужкай, на зеляніну дрэў. Побач з Казікам праплывалі белыя пухавікі-аблачынкі…

Сон быў такі цудоўны, што Казіку нават не хацелася прачынацца. Але спрацаваў таймер тэлевізара, і гарышча ахутала бадзёрая музыка ранішняй тэлегімнастыкі. На экране сімпатычныя дзяўчаты выраблялі складаныя па. Казік хацеў быў паляжаць яшчэ пад коўдрай, але яго ногі самі сабою пачалі торгацца ў рытме музыкі. Хоцькі-няхоцькі, давялося падымацца і для парадку зрабіць некалькі простых рухаў, каб ногі і рукі супакоіліся. Пазаймаўшыся, дахавік памыўся, паснедаў кавай і булачкай з маслам, пачысціў зубы. Потым ён падняўся па драбінках на дах і сеў з краю, звесіўшы ножкі.

Пасля сняданку ўсе адпачываюць па-рознаму: адны чытаюць газету, іншыя глядзяць тэлевізар, а вось Казік любіў сядзець на краі даху і нічога не рабіць. Проста сядзець і глядзець навокал. Перад Казікам расцілалася цудоўная панарама горада: стромкія чырвоныя дахі старых камяніц, мудрагелістыя флюгеры, алоўкі хмарачосаў. Вунь праз некалькі дамоў стаіць былая воданапорная вежа, немаведама калі пераробленая ў звычайны жылы дом. А вунь відаць белая званіца касцёла Святога Францішка. Знаёмы краявід.

У доме насупраць ужо амаль усе прачнуліся. Праз адчыненыя вокны можна было пабачыць, чым у гэты час займаюцца жыхары. Казік кінуў позірк на другі паверх. Ён разгледзеў дзяўчынку Паўлінку, якая снедала на кухні. Побач, каля пліты, завіхалася яе матуля. Паўліна лыжкай корпалася ў талерцы і асцярожна касавурылася на маці – мяркуючы па ўсім, есці Паўлінцы не хацелася. Нарэшце матуля выйшла з кухні. Дзяўчынка імгненна падхапілася, падбегла да акна і выліла змесціва талеркі на вуліцу.

«Снайперка» – падумаў Казік, калі манная каша (а ў талерцы была менавіта манная каша) вылілася на пана, якога собіла ў гэты момант праходзіць пад акном. Маленькі сабачка-таксяня, якога выгульваў пан, тут жа стаў аблізваць калашыны гаспадара. А Паўліна ізноў хуценька апынулася за сталом, ужо з пустой талеркай. Абліты пан у разгубленасці стаяў на тратуары і задзёршы галаву глядзеў угору…

Тут на гарышчы зазвінеў Казікаў тэлефончык, і дахавік мусіў перапыніць назіранне, так і не даведаўшыся, чым усё скончыцца. Тэлефанаваў сябар Юзік.

Прывітанне, гультай! – са смехам прамовіў Юзік.

Ад гультая чую, – парыраваў Казік. – Як маешся, што чуваць у

свеце?

– У свеце крызіс і нестабільнасць. Еўра падае, даляр расце, – паведаміў Юзік.

– Я тут на абмене грошай трохі нажыўся, дык можа, куды-небудзь за горад выедзем – адпачнём, грошы распусцім? Тым больш заўтра Купалле.

– А што, давай, – узрадваўся Казік, – толькі трэба з сабой і Карыну ўзяць. А то старая ўжо забылася, калі на прыродзе была.

– Згода.

Дахавікі дамовіліся сустрэцца назаўтра раніцай на аўтобусным вакзале…

Калі Казік дабраўся а дзявятай да аўтавакзала, Юзік і Карына ўжо чакалі яго ля цэнтральнага ўвахода. Юзік быў з заплечнікам, у якім было паўнютка ўсялякай смакаты.

– Ну што, пайду квіткі купляць, – паведаміў Казік.

– Мне не трэба, – сказала Карына, – я прынцыпова езджу без квітка.

– Вольнаму воля, – прамовіў Казік і пайшоў па квіткі для сябе і для Юзіка.

Пачынала прыпякаць. На трэцяй пляцоўцы, ад якой адпраўляўся аўтобус, набралася багата народу. Падышоў аўтобус, і пасажыры пачалі заходзіць у расчыненыя дзверы. Але Карына, апярэдзіўшы ўсіх, улезла ў салон самая першая і, ускочыўшы на месца каля акна, пракаркала дахавікам:

– Хутчэй да мяне!

Сябры ўселіся побач з Карынай. Псс-с! Дзверы зачыніліся, і аўтобус пакаціў за горад. На першым жа загарадным прыпынку ў аўтобус зайшла кантралёрка і пачала правяраць квіткі ў пасажыраў. Кантралёрка брала квіток, глядзела дату і нумар рэйса і шчоўкала кампосцерам. Падышоўшы да сяброў, яна праверыла квіткі ў Казіка і Юзіка, потым звярнулася да Карыны:

– Ваш квіток.

Карына глядзела ў акно, быццам не чула.

– Ваш квіток, – гучней прамовіла кантралёрка.

– Га? – Карына прыкінулася глухой.

– Квіток! – яшчэ гучней сказала кантралёрка, пры гэтым адно яе вока чамусьці заторгалася.

– Пенсіянерка я, – адказала ёй варона.

Але кантралёрка і не думала здавацца:

– Плаціце штраф, а то высаджу з аўтобуса.

Грошай у вароны не было, таму плаціць за яе штраф давялося дахавікам. Як тут не заплаціш?

– Я аддам. Я аддам вам гэты талер, – нудзілася ўсю астатнюю дарогу Карына. – Даруйце мне.

Сябры выйшлі з аўтобуса на перадапошнім прыпынку і вузкай сцяжынкай накіраваліся праз лес да возера. Надвор’е было цудоўнае. Дахавікі іші і весела гаманілі, а Карына з сумным выглядам ледзь валаклася за імі. Калі кампанія прайшла з паўкіламетра, наперадзе пачуўся нейкі шум. З-за дрэў выскачыў невялікі сабака незразумелай пароды і кінуўся да сяброў.

– Схавайце мяне, калі ласка! – забрахаў сабака, – з мяне хочуць зрабіць шашлык!

Казік разгубіўся быў, але Юзік ужо скінуў заплечнік, і сабака ўскочыў туды з хуткасцю маланкі. Толькі паспеў Юзік закінуць заплечнік за спіну, як да іх падбег велізарны мужчына з чорнымі валасамі і такімі ж чорнымі вусамі.

– Вы не бачылі тут майго сабакі. Уцёк, халера!

– Бачылі, – адказаў Юзік. – Ён пабег у лес, вунь туды, – Юзік паказаў у той бок, адкуль яны прыйшлі. Калі мужчына знік, Юзік зняў заплечнік.

– Дзякуй, – сказаў сабака, калі вылез з заплечніка. – Вы мяне ўратавалі.

Так у Казіка, Юзіка і Карыны з'явіўся новы сябар – сабака Маркіз.

І чатыры постаці весела рушылі ў бок возера – насустрач сваім новым прыгодам…

6. ІДЭЯ

Аднойчы дахавіку Казіку ў галаву прыйшла выдатная ідэя – ён вырашыў успомніць старое і зноў папрацаваць камінарам. Казік адразу захацеў падзяліцца гэтай ідэяй з дахавіком Юзікам. Ён дастаў з кішэні сваіх чырвоных штонікаў мабільны тэлефончык і хутка набраў нумар найлепшага сябра.

– Юзік, прывітанне! Што робіш? Чым займаешся? Як заўсёды чытаеш свайго Міцкевіча? «Літво! Ойчызна моя! Ты естэсь як здрове»… Хі-хі-хі. Давай прыязджай хутчэй да мяне, ёсць сур’ёзная размова.

Пасля гэтага Казік вылез з гарышча праз акно на дах, лёг на дыванок, які ён спецыяльна набыў, каб загараць, і падставіў жывоцік вясноваму сонейку. «Паляжу, пагрэюся, пакуль Юзік будзе дабірацца да майго дома» – падумаў Казік. Ён заклаў ручкі за галаву і… заснуў. Што ён сніў – невядома, бо некаторыя сны маюць такую ўласцівасць, што забываюцца адразу, калі прачынаешся. А Казік прачнуўся. Дакладней не сам прачнуўся, а яго пабудзіў сябар Юзік, які пачаў казытаць Казіка, водзячы пярынкай пад Казікавым носікам.

Продолжить чтение