Читать онлайн Ні на небе, ні на зямлі бесплатно

Ні на небе, ні на зямлі

© Чарота І. А., укладанне, прадмова і каментарыі, 2013

© Іванова Г. Л., ілюстрацыі, 2013

© РВУ «Выдавецкі дом «Звязда

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Запрашэнне ў казачны свет славян

Дарагі юны чытач!

Перад табою кніга, якая рыхтавалася з мэтай цябе і ўсіх, хто жадае, запрасіць у казачны свет славян.

Але каб гэта здзейснілася найлепшым чынам, пажадана спачатку скласці як мага больш поўнае і правільнае ўяўленне пра сям’ю славянскіх народаў, а таксама пра сваяцтва беларусаў з ёю. Дык давай пастараемся наблізіцца да такога ўяўлення, прыгадаўшы хоць бы тое, пра што ніколі нельга забывацца.

Мы, беларусы, не бязродныя. А як народ маем родзічаў, сваякоў. Глыбокі і трывалы радавод нас яднае-родніць з іншымі славянамі. І пашана да гэтай роднасці павінна не толькі захоўвацца, але і перадавацца з пакалення ў пакаленне, бо інакш мы перастанем усведамляць, што род наш старажытны, вялікі і слаўны.

Дарэчы, зусім верагодна, што назва «славяне» абумоўлена якраз паняццямі «слава», «славутасць», «слаўныя». Разам з тым, калісьці продкаў нашых называлі і крыху інакш: «словене». А гэтае найменне было яшчэ больш пачэсным і слаўным, паколькі яно ўспрымалася як вытворнае ад «Слова» (з вялікай літары!), гэта значыць ад імені Бога Усявышняга. Адпаведна, «словене» – дзеці Бога-Слова, народ Божы, які перад Богам стаіць усёй супольнасцю, адзіны.

Адзінства гэтай супольнасці падмацавалі і сцвердзілі з Божаю дапамогаю святыя браты Кірыл і Мяфодзій, якіх па праве называюць «вучыцелямі славянскімі». Дзякуючы ім створана была надзвычай дасканалая азбука, вядомая цяпер усяму свету як кірыліца – паводле імені аднаго з братоў. Пасля гэтага Кірыл і Мяфодзій са сваімі вучнямі, выпрацаваўшы мову, зразумелую ўсім славянам, пераклалі на яе Свяшчэннае Пісанне, каб данесці канкрэтна да славянскіх плямён святло веры Хрыстовай і такім чынам далей праводзіць асвету, распаўсюджваючы духоўнасць, пісьменства і высокае мастацтва розных відаў. У выніку гэтай дзейнасці (а калі імкнуцца даць больш правільнае і дакладнае азначэнне, то лепш сказаць так: высокай місіі) нам дасталася выключна багатая духоўна-культурная спадчына.

Замацавалася меркаванне, што калісьці, даўным-даўно, продкі ўсіх славян жылі на агульнай тэрыторыі, мелі адну прарадзіму. А месцам знаходжання яе многія вучоныя лічаць наша Палессе. Праўда, цалкам пераканаўча, бясспрэчна гэта даказаць, як і абвергнуць, пакуль што нікому не ўдалося. Магчыма, з часам удасца табе ці прадстаўнікам твайго пакалення. Ды як бы ні было, але ўжо на пачатку ХІІ стагоддзя ў адным з самых старажытных усходнеславянскіх летапісаў – «Аповесці мінулых гадоў»– засведчана як агульнавядомае: «… Разышліся славяне па зямлі і празваліся імёнамі сваімі ад мясцін, на якіх аселі». Згадваюцца там многія «празванні», у ліку якіх і тыя, што захаваліся да нашых дзён («чэхі», «харваты», «сербы», «палякі») і тыя, забытыя ці замененыя іншымі («марава», «харутане» «ляхі», «луцічы»). Натуральна, што некаторыя звесткі патрабуюць удакладнення, бо многае мянялася. Аднак мы адзначым здаўна вядомае і цяпер відавочнае: славянскія плямёны, асвоіўшы многія раўніны і даліны, стэпы і горы, узбярэжжы рэк, азёр і мораў, засялілі велізарную тэрыторыю. З часам плямёны гэтыя склаліся ў народы. І як бы ні было, на працягу розных эпох у свядомасці ўсіх славян трымалася памяць пра сваяцтва і захоўвалася адчуванне патрэбы ў адзінстве. Таму і аўтар згаданага летапіснага твора, кіева-пячэрскі манах Нестар, не без гонару адзначаў: «…А славянскі народ і рускі адзін…» Варта падкрэсліць, што значэнне гэтага адзінства неаднойчы выяўлялася, пацвярджалася ў лёсавызначальныя моманты – пры супрацьстаяннях магутным ворагам. Асабліва ж тады, калі некаторыя славянскія народы апыналіся пад прыгнётам чужынцаў-захопнікаў і трэба было весці барацьбу за вызваленне. І такое неаднойчы здаралася. Аднак вызваленчыя намаганні аб’яднаных славян заўсёды прыводзілі да перамог. Таму лепшыя славянскія паэты і мысляры ў высокіх палётах думак сваіх як ідэал бачылі агульную краіну Славію, Усяславію.

Між тым, перашкоды і небяспекі, звязаныя з расселенасцю па вельмі вялікай прасторы, істотна ўплывалі на гістарычныя лёсы народаў-славян, што абумоўлівала адасабленні, у выніку якіх з’яўляліся адрозненні, а то і пэўныя адчужэнні.

Каб уявіць лёс усяго славянства абагулена-вобразна, часта выкарыстоўваецца параўнанне з дрэвам: агульныя карані і адзін ствол, на якім з’явіліся шматлікія адгалінаванні… Праўда, гэты вобраз, маючы ўніверсальны сэнс, адлюстроўвае не толькі агульны радавод, але і тое, што ў выніку розных падзей старажытнае дрэва роду нашага моцна разгалінавалася. Цяпер галіны яго ўяўляюць даволі вялікі шэраг асобных славянскіх народаў, большасць якіх мае самастойную дзяржаўнасць. Істотна адрозніваюцца між сабою і сучасныя славянскія мовы.

Пры ўсім гэтым, няўжо ж добра будзе, калі народы-славяне страцяць глыбіннае радалюбства, пазбавяцца памяці пра агульны радавод, а таксама пра выратавальнае значэнне адзінства? Што ў такім выпадку можа чакаць іхнія душы?

Напэўна, дружа мой, табе даводзілася чуць выраз «душа славянская». Не ведаючы, як ты яго разумеў, які сэнс укладаў, паводле свайго досведу магу зазначыць, што звычайна ў такіх выпадках маецца на ўвазе спалучэнне тых душэўных якасцяў, якія заўжды вылучалі славян. Перш за ўсё гэта адкрытасць, шчырасць, дружалюбнасць, спагадлівасць, бескарыслівасць, схільнасць да летуценняў і прыгожых мар…

Таму, натуральна, душу з яе важнымі рысамі найлепш выяўляюць, як вядома, творы народнай славеснасці. І казкі ў тым ліку. Яны, відаць, дзеля такой задачы прыдатны больш за ўсе іншыя роды і віды славеснай творчасці. Без іх, казак, проста немагчыма ўявіць жыццё як асобных людзей, так і народаў. Ужо таму, што на казках засноўваецца выхаванне пачатковае, а гэта значыць – галоўнае. Бо, пэўна ж, і самы першы складальнік казкі стараўся, наколькі мог, данесці свой карысны вопыт і стваральны досвед да тых, каму тую казку складаў – найверагодней, дзецям альбо ўнукам; гэткая ж мэта была ва ўсіх, хто пераказваў яе іншым слухачам. І так, па ланцужку пакаленняў, з дапамогаю казак перадаюцца ўяўленні пра спаконвечныя законы быцця, пра нормы ўзаемаадносін паміж людзьмі.

На зямлі адвечна ідзе барацьба паміж дабром і злом. І адна з галоўных задач сапраўднага чалавека – не дапускаць, каб зло атрымала перамогу. Усё ліхое, шкоднае, разбуральнае мы павінны выяўляць, належным чынам ацэньваць і па меры сіл сваіх яму супрацьстаяць.

Як правіла, казкі з’яўляюцца свайго роду ілюстрацыямі да апрабаванага ўсім папярэднім вопытам маральнага кодэкса – зводу правілаў, як трэба сябе паводзіць кожнаму сумленнаму чалавеку, каб у свеце падтрымліваўся лад, панавала справядлівасць.

У сувязі з гэтым спынімся на двух важнейшых законах, якія часта вызначаюць асноўныя матывы казак славян, з’яўляючыся надзейнаю апораю для гэтага зводу. Першы з іх: як у звычайным спаборніцтве, так і ў жорсткім змаганні паміж сілаю і праўдай неадольнай аказваецца праўда. А другі: свет не можа ўтрымацца без любові; і чалавек не варты нічога, калі ён не любіць сваіх бацькоў, братоў і сясцёр, сваякоў і сяброў.

На прыкладах герояў казак, іх лёсаў, мы спасцігаем, што не проста бескарыснымі, але і шкоднымі застаюцца ілжывасць, ганарлівасць, самалюбства, абыякавасць да гора іншых людзей, сквапнасць і асабліва здрада… Нельга дапускаць, каб яны прадвызначалі нашы паводзіны, учынкі і намеры. Усё такое і падобнае, наадварот, неабходна заўжды асуджаць ды выкараняць і ў сабе, і ў іншых. Ухваляцца ж і ўсямерна падтрымлівацца павінны якасці супрацьлеглыя, у іх ліку і тыя, што вызначаюць адметнасць «душы славянскай».

Не лішне звярнуць увагу на тое, што пэўныя асаблівасці як ладу жыцця, так і характару – інакш кажучы, «апазнавальныя знакі» душы – народа залежаць ад ландшафту, клімату і іншых прыродных умоў, у якіх гэтыя народы канчаткова сфарміраваліся. Думаецца, няма патрэбы доўга тлумачыць, што не зусім аднолькавыя жыццёвыя абставіны ў людзей, якія жылі і жывуць на раўнінах і ў гарах, у сухіх стэпах і на берагах паўнаводных рэк альбо азёр. Адпаведна, хіба не ўздзейнічалі на ўмовы жыцця рэкі Волга, Днепр, Гарынь, Нёман, Дунай, Лаба, Вісла, Дрына, Марава і іншыя, у кожнай з якіх свой нораў? А няўжо малаістотна тое, што адным наканавана жыць каля мора халоднага – Балтыйскага ці Белага, другім каля мора цёплага – Адрыятычнага ці Чорнага, а трэцім увогуле марскіх прастораў не бачыць? Зноў жа, як на акалічнасці жыцця можа не ўплываць тое, што ў паўднёвых краях сонечных дзён за год бывае больш, а ў паўночных менш, што дзесьці дажджы ідуць часцей, а дзесьці радзей?.. Як-ніяк, ад усяго гэтага залежыць урадлівасць зямлі-карміцелькі і ўраджайнасць таго, што земляроб садзіць-сее, а гэта значыць – і асаблівасці ладу гаспадарання, а ў пэўнай меры таксама і адносіны да розных відаў працы, і многае іншае… Карацей кажучы, ад рэальнага свету, які непасрэдна акружае, залежыць светаўспрыманне, светаадчуванне і светаадлюстраванне як кожнага чалавека, так і кожнага народа. І пэўныя асаблівасці светаадлюстравання кожнага са славянскіх народаў ты зможаш заўважыць у казках.

Дык што, адрозненні набываюць перавагу? Зусім не. Скажу больш таго: многія вучоныя свету здаўна адзначалі шмат агульнага ў поглядах славян на ўладкаванне свету, на прыроду, на прызначэнне чалавека і яго ідэалы. І ты зможаш гэта пацвердзіць, калі азнаёмішся з прапанаванай кнігай.

Прыемнага і карыснага табе, мой дружа, чытання!

Іван Чарота

Верыцца, што ва ўсіх славянскіх народаў хапае розуму і сілы на тое, каб захоўваць і ўмацоўваць калі не братэрскія, то хоць сваяцкія адносіны.

Беларускія

Лёгкі хлеб

Шчыраваў на сенажаці касец. Змарыўшыся, ён прысеў у цянёк адпачыць ды падсілкавацца. Развязаў торбачку, дастаў свой сціплы харч і пачаў есці. А тут выходзіць з лесу галодны воўк і бачыць пад кустом чалавека, які са смакам жуе. Воўк да яго:

– Што ясі, чалавеча?

– Хлеб, – адказвае той.

– А ён смачны?

– Пэўна што смачны!

– Дай мне пакаштаваць.

– Калі ласка! – не пашкадаваў кавалка хлеба касец.

Ваўку хлеб вельмі спадабаўся. Вось ён і кажа:

– Смаката! Я б кожны дзень хлеб еў. Але дзе ж мне яго даставаць?! Можа, што параіш, чалавеча?

– Добра, – згадзіўся касец, – калі хочаш, навучу, дзе і як хлеб здабываць.

І пачаў вучыць:

– Перш-наперш трэба зямлю ўзараць…

– І будзе хлеб? – нецярпліва пытаецца воўк.

– Ды пачакай, браце! Пасля гэтага трэба зямлю забаранаваць…

– І можна будзе хлеб есці? – завіляў хвастом воўк.

– Не адразу. Спачатку трэба пасеяць жыта…

– І тады ўжо будзе хлеб? – аблізнуўся воўк.

– Таксама яшчэ не. Трэба дачакацца, пакуль жыта ўзыдзе, пасля гэтага зімовыя маразы вытрывае, тады з вясны зноў у рост пойдзе, а ўлетку закрасуе, потым пачнуць налівацца зярняты, затым яны даспеюць…

– Во-о-х, – уздыхнуў воўк, – гэта ж так доўга чакаць! Але тады ўжо я наемся хлеба ўволю!

– Не, тады яшчэ не наясіся! – удакладніў касец. –  Спелае жыта патрэбна зжаць, у снапы звязаць, а снапы ў бабкі паставіць, каб вецер іх правеяў і сонейка добра высушыла, пасля гэтага звезці на ток…

– І можна ўжо хлеб есці?

– Які ж ты нецярплівы! Спярша трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяхі сабраць, мяхі ў млын завезці, ды мукі намалоць…

Рис.0 Ні на небе, ні на зямлі

– І ўсё?

– Ды не ўсё… Муку трэба замясіць у дзяжы і дачакацца, пакуль цеста ўзыдзе, потым яго ў напаленую печ пасадзіць…

– І спячэцца хлеб?

– Так, спячэцца хлеб. Тады зможаш яго наесціся, – падагуліў касец навуку.

Воўк задумаўся, пачухаў патыліцу і прыйшоў да высновы:

– Не! Гэта, чалавеча, занадта марудна і цяжка. Ты лепш парай мне, як здабываць яду лягчэй.

– Ну, калі не хочаш есці хлеб цяжкі, – разважыў касец, – магу параіць, дзе знайсці лёгкага. Бяжы на выган, там конь пасецца.

Пабег воўк на выган, убачыў каня і кажа:

– Конь! Я цябе з’ем.

– Што ж, – не стаў пярэчыць яму конь, – можаш есці; толькі спачатку падковы здымі з маіх ног, а то яшчэ зубы паламаеш аб іх.

– І то праўда, – згадзіўся воўк. Нахіліўся ён падковы здымаць, а конь як лясне яму капытом па зубах…

Тройчы праз галаву перакуліўся воўк ды ходу.

Прыбег ён да рэчкі. А там на беразе гусі пасуцца.

«Ці не з’есці мне іх?» – падумаў шэры і кажа:

– Гусі! Я вас з’ем.

– Што ж, – не сталі пярэчыць яму гусі, – можаш есці; толькі перад смерцю зрабі нам адну паслугу.

– Якую? – пытаецца воўк.

– Заспявай нам што-небудзь, а мы паслухаем.

– Гэта можна. Спяваць я мастак!

Сеўшы на купіну, воўк задраў галаву і давай выць. А гусі шуг-шуг-шуг крыламі – узняліся і па-а-а-ляцелі!

Злез воўк з купіны, правёў гусей ласым паглядам і пайшоў далей ні з чым.

Ідзе ён ды лае сябе апошнімі словамі: «Ай, які ж я дурань! Нашто было згаджацца спяваць гусям? Ну, калі цяпер сустрэну каго-небудзь – з’ем адразу!»

Толькі ён так падумаў, бачыць – ідзе па дарозе старэнькі дзядок. Воўк шусь да яго:

– Дзед! Я цябе з’ем!

– Што ж, – не стаў пярэчыць дзядок, – можаш з’есці; толькі чаго спяшацца, давай яшчэ табакі панюхаем.

– А яна смачная?

– Паспытай, будзеш ведаць.

– Давай!

Дастаў дзед з кішэні капшук з табакаю, сам панюхаў і ваўку даў.

Воўк нюхнуў з усёй сілы і амаль поўны капшук табакі ўдыхнуў у сябе. Свет белы за слязьмі перастаў ён бачыць ды яшчэ пачаў чыхаць на ўвесь лес. І так з гадзіну чыхаў, пакуль усю табаку не вычхаў. Калі ж у рэшце рэшт агледзеўся, то дзеда ўжо і след прастыў.

Пасунуўся воўк далей і ўбачыў на лузе атару авечак, а непадалёку пастуха, які спіць. Нагледзеў воўк у атары самага большага барана, схапіў яго і кажа:

– Баран! Я цябе з’ем.

– Што ж, – не стаў пярэчыць баран, – можаш з’есці; відаць, такая мая доля; ды каб доўга не мучыцца мне, а табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косьці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзбягу на пагорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот.

– Дзякуй за параду, – згадзіўся воўк. – Так і зробім.

Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды – бух! – рагамі ваўка ў галаву. Ажно іскры запалалі ў вачах у ваўка, а свет увесь для яго цеменню пакрыўся.

Ледзь-ледзь ачухаўся воўк, пакруціў галавою і сам у сябе запытаў:

– Ці з’еў я таго барана, ці не?

А тым часам касец, скончыўшы работу, ішоў дадому. І калі пачуў словы ваўка, адказаў за яго:

– З’есці то не з’еў, затое паспытаў лёгкага хлеба.

Разумная дачка

Жыў-быў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Трэба было радзіны спраўляць. А ў тых беднякоў ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасцей частаваць?

Пайшоў чалавек на рэчку па ваду. І ўбачыў там у кустах цялушачку. Яна ляжала, зусім слабая, сама і ўстаць не магла.

Забраў бядняк цялушачку дадому, прынёс і жонцы кажа:

– Давай зарэжам – будзе чым гасцей пачаставаць.

А цялушачка, рыжанькая ды з белай лысінкай на лбе, жонцы вельмі спадабалася. І яна запярэчыла:

– Не, рэзаць не трэба. Няхай лепш гадуецца.

– Дык яна ж кволенькая зусім. Яе, відаць, знарок выгналі, каб у хляве не акалела.

– Нічога, дасць Бог, мы яе на ногі падымем і выгадуем. Калі падрасце дачушка, будзе ёй малако.

Паслухаў чалавек жонку, і ўзяліся яны гадаваць цялушачку.

А тая неўзабаве акрыяла ды пачала расці як на дражджах. І дачка таксама расла як на дражджах. Прычым такая разумніца ўдалася, што нават старыя прыслухоўваліся, што яна кажа.

З цялушкі-лысушкі выгадавалася добрая кароўка.

Тым часам і дзяўчынка падрасла, з сямігадовага ўзросту сама стала пасвіць кароўку.

Багаты сусед неяк убачыў карову бедняка, загледзеўся і пытаецца:

– Адкуль у цябе такая ладная карова?

Бядняк жа ўзяў ды расказаў яму ўсё, як было.

– Эге, дык гэта ж мая цялушка! – заявіў багацей. – Я выгнаў яе тады, бо не думаў, што яна здолее на ногі ўстаць. А цяпер забяру назад сваю карову…

Зажурыўся бедны чалавек і пачаў тлумачыць:

– Я ж падняў яе на ногі і выгадаваў. Так што гэта мая кароўка.

Але багаты не згадзіўся і нават пагражаць стаў:

– Калі па-добраму не аддасі, то пойдзем да пана судзіцца.

Што тут было рабіць? Пайшлі на суд у панскі маёнтак. Багацей павітаўся з панам за руку – вядома, багаты з багатым свае людзі, – і пан прапанаваў яму сесці. Той сеў у крэсла. А бедны стаяў сабе каля парога, шапку зняўшы. Пан на яго і не глядзеў.

– Ну, што добрага скажаш? – запытаўся ён у багацея.

– Ды вось, пане, якая справа, – пачаў скардзіцца багаты. – Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушачку і цяпер не аддае…

Выслухаў пан і бедняка. А пасля гэтага абвясціў:

– Добра. Суд мой будзе такі. Я загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё, што на свеце саладзей за ўсё, што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і дастанецца карова. Ідзіце дахаты, падумайце, а заўтра прыйдзеце з адгадкамі.

Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і заплакаў.

– Чаго, татка, плачаш? – пытаецца дачка.

– Ды так і так, – расказаў ёй бацька. – Багаты сусед хоча адабраць у нас кароўку. Былі мы з ім ужо на судзе ў пана. І пан загадаў нам тры загадкі.

Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. А дзе ж мне адгадаць тыя загадкі!

– А якія загадкі? – удакладніла дачка.

Бацька пераказаў.

– Нічога, тата, не турбуйся, – сказала дачка, – спаць кладзіся. Пераначуем, болей пачуем. Заўтра нешта прыдумаецца.

А багаты прыйшоў дадому, радуючыся, і жонцы пахваліўся:

– Ну, баба, карова наша будзе! Нам з табою трэба толькі адгадаць тры загадкі: што на свеце сыцей, што саладзей, і што шпарчэй?

– Ды тут і адгадваць няма чаго! – засмяялася жонка. – Усё проста. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на свеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол няма нічога таксама. Ды і шпарчэй за нашага гнядога жарабца ніхто не зможа бегчы: ён жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!

– Гэта праўда, – згадзіўся муж. – Так я і скажу пану.

Назаўтра пайшлі бедны з багатым да пана.

– Ну, што, адгадалі мае загадкі? – пытаецца той.

Багаты выйшаў наперад і адказаў:

– А што ж тут адгадваць?! Няма нікога і нічога на свеце сыцей за майго рабога парсюка, саладзей – за ліпавы мёд ад маіх пчол, а шпарчэй – за майго гнядога жарабца.

– Ну а ты, – пытаецца пан бедняка, – адгадаў?

– Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо нават калі гора напаткае, то як заснеш, дык забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка…

Правільна адгадаў бядняк! І пан мусіў пакінуць яму карову. Але ж задаў яшчэ пытанне:

– Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі?

– Мая дачка-сямігодка, – адказаў, не хітруючы, бядняк.

Здзівіўся пан: хіба можа быць, каб малая беднякова дачка адгадала яго загадкі?! І вырашыў ён паглядзець на тую разумную дзяўчынку. Паехаў да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі працаваў. Сустрэла пана яго сямігадовая дачка.

Пад’ехаўшы, пан запытаўся:

– Дзяўчынка, да чаго мне коней прывязаць?

Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі ў двары, і адказала:

– Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета.

Пан вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы ці да лета?! Смяецца, відаць, з яго гэтае дзяўчо?

– Ну, хочаш, да саней прывяжы, а хочаш, да калёс, – растлумачыла дзяўчынка.

Пераканаўся пан, што беднякова дачка сапраўды вельмі разумная. Прычым, гэта ж не да гонару для яго. Дачуюцца людзі, што малая дзяўчынка разумнейшая за пана, тады хоць з маёнтка ўцякай.

Пагаварыў пан з дзяўчынкай і сабраўся назад ехаць, а ёй наказаў перадаць, няхай бацька ўвечары да яго прыйдзе.

Калі настаў вечар, бядняк пайшоў да пана. Той кажа яму:

– Ну, разумная ў цябе дачка. Але я ўсё ж такі разумнейшы.

І даў пан бедняку рэшата яек, папярэдзіўшы:

– Занясі дачцэ, каб яна пасадзіла на іх квактуху і да заўтра вывела мне куранят на снеданне. А не зробіць гэтага – загадаю бізуноў усыпаць!

Прыйшоў бядняк дахаты засмучаны. Сеў на лаве і плача.

– Чаго, татка, плачаш? – пытаецца дачка.

– Ды вось, дачушка, бяда: задаў табе пан новую загадку.

– Якую?

Бацька паказаў тое, што прынёс:

– Загадаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і да заўтра вывела куранят яму на снеданне… Хіба ж такое магчыма выканаць?!

Дачка падумала і супакоіла:

– Нічога, тата. Заўтра нешта прыдумаем. А пакуль што, мама, бяры гэтыя яйкі ды смаж на вячэру яечню.

А раніцою сказала дачка бацьку:

– Вось табе, тата, гаршчок, ідзі з ім да пана. Перадай, каб пан за дзень край лесу высек, усё там выкарчаваў ды ўзараў, проса пасеяў, зжаў, змалаціў і ў гэты гаршчок зерня насыпаў – куранят карміць.

Зайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок і перадаў усё, што дачка сказала.

Пан зморшчыўся, паскуб вусы і заявіў:

– Што ж, разумная твая дачка. Але я ўсё ж такі разумнейшы!

Узяў ён ільну тры сцяблінкі і падаў бедняку:

– Занясі дачцэ, каб яна да заўтра гэты лён сцерла, спрала, выткала і пашыла з яго мне кашулю.

Зноў бядняк вярнуўся дахаты засмучаны. Дачка пытаецца:

– Што сказаў табе пан?

Падаўшы льну тры сцяблінкі, бацька растлумачыў ёй, чаго пан патрабуе.

– Кладзіся, тата, спаць, – супакоіла дзяўчынка. – Заўтра нешта прыдумаем.

А назаўтра яна дала бацьку тры кляновыя дубчыкі і сказала:

– Занясі пану іх, няхай ён пасадзіць, за адну ноч вырасціць і зробіць начынне для кроснаў, каб было як палатно яму на кашулю выткаць.

Зайшоў бядняк да пана, падаў тры кляновыя дубчыкі і перадаў тое, што дачка сказала.

Пан ажно пачырванеў і прамовіў:

– Разумная твая дачка, нічога не скажаш. Але я ўсё ж такі разумнейшы! Дык перадай ты ёй, каб яна да мяне прыйшла не пехатою і не прыехала на кані, каб была не голая і не апранутая, ды каб мне падарунак прынесла, а каб я не мог яго прыняць. Калі выканае ўсё гэта, вазьму яе за дачку – вырасце, пані будзе! А не выканае – кепска ёй будзе…

Вярнуўся бядняк дахаты ў засмучэнні яшчэ большым.

– Ну, тата, што табе пан сказаў? – пытаецца дачка.

– Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам, і сабе… – і расказаў гаротнік, чаго пан патрабуе.

– Нічога, тата. Пастараемся неяк перахітрыць пана і гэтым разам. Ты мне толькі злаві жывога зайца.

Адправіўся бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца.

Дачка абкруцілася рыбацкай сеткаю замест сукенкі, узяла на рукі зайца, села на кій. І так пад’ехала да пана, які ўжо чакаў яе, стоячы на ганку.

Той проста дзіву даўся: зноў перахітрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся пан і нацкаваў на яе сабак, спадзеючыся, што яны разарвуць дзяўчынку.

Тым часам разумніца выпусціла з рук зайца – і сабакі пагналіся за ім.

Сама ж да пана падышла і нагадала:

– Лаві, пане, свой падарунак: вунь ён у лес пабег.

Давялося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.

Ды неўзабаве ён сабраўся ехаць за мяжу і, ад’язджаючы, даў строгі наказ:

– Глядзі толькі, без мяне людзей маіх судзіць не ўздумай, бо самой кепска будзе!

Рис.1 Ні на небе, ні на зямлі

Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку. А тут выйшла такое здарэнне. Двое мужыкоў пайшлі на кірмаш; адзін з іх купіў воз, другі – кабылу. Запрэглі яны кабылу ў воз і паехалі дадому. Па дарозе спыніліся адпачыць, прылеглі ды паснулі. А прачнуўшыся, бачаць: бегае каля воза малое жарабятка. Мужыкі заспрачаліся. Адзін, гаспадар воза, сцвярджаў: «Жарабя маё, гэта мой воз ажарэбіўся!» Другі ж, гаспадар кабылы, даводзіў: «Не, жарабя маё, гэта мая кабыла ажарэбілася!»

Спрачаліся яны, спрачаліся, ды ўрэшце пагадзіліся ехаць на суд да пана.

Прыехалі, а пана дома няма.

– Рассудзі хоць ты нас, – папрасілі дзядзькі прыёмную панаву дачку.

Высветліла дзяўчынка, што ў іх за справа, і прыняла рашэнне:

– Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс і вядзе ў адзін бок, а той, чые калёсы, няхай цягне іх на сабе ў іншы бок. За кім жарабя пабяжыць, той і гаспадар яго.

Мужыкі так і зрабілі. Жарабя за кабылаю пабегла – на гэтым і спрэчка скончылася.

Вярнуўся пан з-за мяжы і пачуў, што разумная дзяўчынка без яго суд праводзіла. Разгневаўся ён, пачаў крычаць:

– Чаму не паслухалася мяне?! Ты мне больш не дачка! Бяры, што пажадаеш, сабе з маёнтка і вяртайся туды, адкуль прыйшла, каб я цябе тут ужо не бачыў!

– Добра, – згадзілася дзяўчынка. – Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.

– Частуй, – буркнуў пан, – толькі хутчэй.

Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Загадала яна тады слугам запрэгчы каня, пакласці пана ў карэту, і павезла яго ў бацькоўскую хату. А там яго знялі з карэты і перанеслі ў сенцы на салому:

– Вось табе пасцель замест пярын. Ачухвайся тут!

Прачнуўся назаўтра пан, агледзеўся: дзе ж гэта ён? Потым убачыў прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца:

– Чаму я ляжу тут, у бруднай мужыцкай хаце?

– Сам так захацеў, – смяецца дзяўчынка. – Ты ж мне сказаў: «Бяры, што пажадаеш, сабе з маёнтка і вяртайся туды, адкуль прыйшла». Вось я і ўзяла цябе. Так што ўставай, ідзі замест майго бацькі паншчыну адбываць. Ты мужчына дужы, работнік з цябе можа атрымацца нядрэнны.

Пачуўшы гэта, пан усхапіўся і так драпануў назад у свой маёнтак, што толькі яго і бачылі. Нават ад коней з карэтаю адрокся.

Рускія

Каша з сякеры

Стары салдат ішоў на пабыўку. Стаміўся ў дарозе, есці хочацца. Дайшоў ён да вёскі, пастукаўся ў першую хату:

– Пусціце адпачыць падарожнага чалавека!

Дзверы адчыніла старая.

– Заходзь, салдат.

– А ці няма ў цябе, гаспадынька, паесці чаго?

У старой усяго ўдосталь, а салдату пашкадавала, прыкінулася ўбогаю.

– Вой, добры чалавек, і сама сёння нічога не ела: няма.

– Ну, няма дык няма, – кажа салдат.

Ды тут ён заўважае сякеру пад лаваю.

– Калі няма нічога іншага, то можна зварыць кашу і з сякеры.

Гаспадыня ажно рот разявіла.

– Як гэта з сякеры кашу зварыць?

– А вось так, давай чыгунок.

Старая прынесла чыгунок, салдат сякеру памыў, паклаў у чыгунок, наліў вады і паставіў на агонь.

Баба на салдата глядзіць, вачэй не зводзіць.

Узяў салдат лыжку, памешвае варыва, каштуе.

– Ну, як? – цікавіцца старая.

– Хутка будзе гатова, – адказвае салдат, – шкада толькі, няма чым пасаліць.

– Дык соль у мяне ёсць, пасалі.

Салдат пасаліў, зноў пакаштаваў.

– Смаката! Каб сюды яшчэ жменьку крупаў! Баба замітусілася, прынесла аднекуль мяшэчак крупаў.

– Бяры, насыпай колькі трэба.

Паклаў салдат у варыва крупы і далей варыць, памешвае, каштуе. Глядзіць старая на салдата на ўсе вочы, адарвацца не можа.

А салдат аблізваецца:

– Ну і смачная каша! Вось каб сюды яшчэ трошкі масла, дык увогуле цудоўна было б.

Знайшлося ў бабы і масла, якім кашу засмажылі.

– Ну, старая, цяпер нясі хлеб ды бярыся за лыжку: будзем кашу есці!

– Вось жа не думала, што гэткую добрую кашу можна з сякеры зварыць, – здзіўлялася баба, калі яны ўдваіх кашу елі.

Рис.2 Ні на небе, ні на зямлі

А потым яна запыталася:

– Салдат! Калі ж сякеру будзем есці?

– Ды, бачыш, яна не ўварылася, – адказаў салдат, – дзе-небудзь па дарозе давару і паснедаю!

Прыхаваў ён сякеру ў свой ранец, развітаўся з гаспадыняй і пайшоў у іншую вёску.

Вось так салдат і кашу з’еў, і сякеру займеў.

Пра маладзільныя яблыкі ды жывую ваду

У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве жыў-быў цар. І было ў яго тры сыны: старэйшага звалі Фёдарам, сярэдняга Васілём, а малодшага Іванам.

Цар вельмі пастарэў і на вочы слабы стаў. А чуў ён, што за трыдзевяць зямель, у трыдзясятым царстве ёсць сад з маладзільнымі яблыкамі ды калодзеж з жывой вадой. Калі з’есці старому гэты яблык – памаладзее, а вадою гэтаю памыць вочы сляпому – будзе бачыць.

Цар збірае вялікую бяседу, кліча на пачастунак князёў ды баяраў і кажа ім:

– Хто б, шаноўныя, знайшоўся з ахвотнікаў паехаць за трыдзевяць зямель, у трыдзясятае царства, прывезці мне маладзільных яблыкаў ды жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін? Я б таму ганцу паўцарства адпісаў.

Тут большы пачаў за сярэдняга хавацца, а сярэдні за меншага. Ад меншага ж адказу няма.

Выходзіць царэвіч Фёдар і кажа:

– Не хочацца нам у людзі царства аддаваць. Я паеду ў гэтае падарожжа. Прывязу я табе, цар-бацюхна, маладзільных яблыкаў ды жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін.

Пайшоў Фёдар-царэвіч на стайню. Выбірае ён сабе каня няезджанага, цугляе аброць няцугленую, бярэ бізун нехвастаны, кладзе дванаццаць папруг з папругаю – не дзеля прыгажосці, а дзеля трываласці… І адправіўся Фёдар-царэвіч у дарогу. Бачылі, што ён сядаў, ды не бачылі, у які бок паскакаў…

Ехаў ён ці блізка, ці далёка, ці нізка, ці высока, ехаў дзень да вечара – да сонейка захаду. І даязджае да ростані, да трох дарог. Ляжыць на ростані пліта-камень, на ёй надпіс высечаны:

«Направа паедзеш – сябе ратаваць, каня загубіць. Налева паедзеш – каня ратаваць, сябе загубіць. Наперад паедзеш – жанатым быць».

Падумаў Фёдар-царэвіч: «Паеду туды, дзе жанатым быць».

І паехаў па той дарозе, дзе жанатым быць. Ехаў, ехаў і даязджае да палаца пад залатой страхой. Тут выбягае прыгожая дзяўчына і кажа яму:

– Царскі сын, я цябе з сядла здыму, хадзем са мною хлеб-соль есці ды спаць-адпачываць.

– Не, дзяўчына, хлеба-солі я не хачу, а сном мне шлях не скараціць. Мне трэба далей ехаць.

– Царскі сын, не спяшайся ехаць, а спяшайся рабіць, што табе люба.

Тут прыгожая дзяўчына яго з сядла зняла ды ў палац павяла. Накарміла яго, напаіла і спаць на ложак паклала.

Толькі лёг Фёдар-царэвіч да сцяны, гэтая дзяўчына хуценька ложак павярнула, ён і паляцеў у склеп, у яму глыбокую.

Ці доўга, ці коратка – цар зноў збірае бяседу, кліча князёў ды баяраў і кажа ім:

– Вось, шаноўныя, хто б знайшоўся з ахвотнікаў – прывезці мне маладзільных яблыкаў ды жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін? Я б таму ганцу паўцарства адпісаў.

Тут зноў большы хаваецца за сярэдняга, сярэдні за меншага. Ад меншага ж адказу няма.

Выходзіць другі сын, Васіль-царэвіч:

– Бацюхна, не хочацца мне царства ў чужыя рукі аддаваць. Я выпраўлюся ў шлях, прывязу гэтыя рэчы для цябе.

Ідзе Васіль-царэвіч на стайню, выбірае сабе каня няезджанага, цугляе аброць няцугленую, бярэ бізун нехвастаны, кладзе дванаццаць папруг з папругаю.

Паехаў Васіль-царэвіч. Бачылі, як ён сядаў, а не бачылі ў які бок паскакаў… Вось і ён даязджае да ростані, дзе ляжыць пліта-камень, і бачыць:

«Направа паедзеш – сябе ратаваць, каня загубіць.

Налева паедзеш – каня ратаваць, сябе загубіць. Наперад паедзеш – жанатым быць».

Думаў, думаў Васіль-царэвіч і паехаў па дарозе, дзе жанатым быць. Даехаў да палаца з залатой страхой. Выбягае да яго прыгожая дзяўчына і просіць яго з’есці хлеба-солі ды легчы адпачываць.

– Царскі сын, не спяшайся ехаць, а спяшайся рабіць, што табе люба…

Тут яна яго з сядла зняла, у палац павяла, накарміла, напаіла і спаць паклала.

Толькі Васіль-царэвіч лёг да сцяны, яна зноў ложак павярнула, і той паляцеў у склеп.

А там пытаюцца:

– Хто ляціць?

– Васіль-царэвіч. А хто сядзіць?

– Фёдар-царэвіч.

– Вось, браце, трапілі!

Ці доўга, ці коратка – трэці раз збірае цар бяседу, кліча князёў ды баяраў:

– Хто б знайшоўся з ахвотнікаў прывезці маладзільных яблыкаў ды жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін? Я б таму ганцу паўцарства адпісаў.

Тут зноў большы хаваецца за сярэдняга, а сярэдні за меншага. Ад меншага ж адказу няма.

Выходзіць Іван-царэвіч ды й кажа:

– Дай мне, бацюхна, блаславенне, ад буянай галавы да шпаркіх ног, ехаць у трыдзясятае царства – прывезці табе маладзільных яблыкаў і жывой вады, ды пашукаць яшчэ маіх братоў.

Даў яму цар блаславенне. Пайшоў Іван-царэвіч на стайню – выбраць сабе каня па розуме. На якога ні зірне, той дрыжыць; на якога руку ні пакладзе – той з ног валіцца…

Не мог выбраць Іван-царэвіч каня па розуме. Ідзе павесіўшы буяную галаву. Насустрач яму бабулька, што на падворку царскім жыве.

– Дзень добры, дзіцятка, Іван-царэвіч! Чаго ходзіш журботны-засмучаны?

– Як жа ж мне, бабулька, не журыцца – не магу знайсці каня па розуме.

– А ты б у мяне папытаў. Добры конь даўно стаіць закаваны ў склепе, на ланцугу жалезным. Зможаш яго ўзяць – будзе табе конь па розуме.

Прыходзіць Іван-царэвіч да склепа, пхнуў пліту жалезную, звярнулася пліта са склепа. Заскочыў ён да добрага каня, стаў яму конь сваімі пярэднімі нагамі на плечы.

Стаіць Іван-царэвіч – не зварухнецца. Парваў конь жалезны ланцуг, выскачыў са склепа і Івана-царэвіча выцягнуў. І тут яго Іван-царэвіч зацугляў аброццю няцугленаю, асядлаў сядзельцам няезджаным, паклаў дванаццаць папруг з папругаю – не дзеля прыгажосці, дзеля славы маладзецкай.

Выправіўся Іван-царэвіч у дарогу. Бачылі, што ён сядаў, а не бачылі, у які бок паскакаў… Даехаў ён да ростані і падумаў:

«Направа ехаць – каня загубіць, куды мне без каня? Наперад ехаць – жанатым быць – не дзеля таго я ў шлях выправіўся. Налева ехаць – каня выратаваць – гэтая дарога самая лепшая для мяне».

І збочыў Іван на тую дарогу, дзе каня выратаваць – сябе загубіць. Ехаў ён ці доўга, ці каротка, ці нізка, ці высока, па зялёных паплавах, па каменных гарах, ехаў дзень да вечара – да сонейка захаду, – і прыехаў да нейкай хаткі.

Стаіць хатка на курынай ножцы, з адным акенцам.

– Хатка, хатка, павярніся да лесу задам, да мяне перадам! Як мне ў цябе зайсці, так і выйсці.

Хатка павярнулася да лесу задам, да Івана-царэвіча перадам! Зайшоў той у яе, а там сядзіць Баба Яга, старая. Шаўковую кудзелю прадзе, а ніткі праз грады кідае.

– Цьфу, цьфу! – кажа. – То рускага духу не чуваць, не відаць, а сёння рускі дух сам прыйшоў.

А Іван-царэвіч ёй:

– Ах ты, Баба Яга, касцяная нага, не злавіўшы птушку – скубеш, не пазнаўшы малайца – няславіш. Ты б цяпер выбегла да мяне, добрага малайца, падарожнага чалавека, накарміла, напаіла і на ноч пасцель падрыхтавала. Я б лёг, ты б села ў галавах, пачала б распытваць, а я б распавёў – чый ды адкуль.

Вось Баба Яга гэта ўсё зрабіла – Івана-царэвіча накарміла, напаіла і да ложка падвяла. Села ў галавах і пачала распытваць:

– Чый ты, падарожны чалавек, добры малойца, ды адкуль? Якіх ты земляў? Якіх бацькі, маці сын?

– Я, бабуля, з такога царства, з такога гаспадарства. Я цароў сын – Іван-царэвіч. Еду за трыдзевяць зямель, за трыдзевяць азёр, у трыдзясятае царства па жывую ваду і маладзільныя яблыкі.

– Ну, дзіцятка маё мілае, далёка ж табе ехаць: жывая вада і маладзільныя яблыкі – у магутнай волаткі, дзяўчынкі Сінявочкі, яна мне родная пляменніца. Не ведаю, ці атрымаеш ты згоду…

– А ты, бабуля, дай сваю галаву маім магутным плячам, падзяліся розумам.

– Шмат малойцаў праязджала, ды не шмат ветліва размаўляла. Вазьмі, дзіцятка, майго каня. Мой конь будзе жвавейшы, давязе ён цябе да маёй сярэдняй сястры, яна цябе навучыць.

Іван-царэвіч устаў на досвітку раненька, памыўся беленька. Падзякаваў Бабе Язе за начлег і паехаў на яе кані.

Раптам ён і кажа каню:

– Стой! Пальчатку згубіў.

А конь адказвае:

– Калі ж ты сказаў, я ўжо дзвесце вёрст праскакаў…

Едзе Іван-царэвіч ці блізка, ці далёка. Дзень на ноч паварочваецца. І пабачыў ён наперадзе хатку на курынай ножцы, з адным акенцам.

– Хатка, хатка, павярніся да лесу задам, да мяне перадам! Як мне ў цябе зайсці, так і выйсці.

Хатка павярнулася да лесу задам, да яго перадам. Раптам пачулася – конь заіржаў, і конь пад Іванам-царэвічам адгукнуўся.

Коні ж былі з аднаго табуна. Пачула гэта Баба Яга – яшчэ старэйшая за тую – і кажа:

– Прыехала да мяне, відаць, сястрыца ў госці.

І выходзіць на ганак:

– Цьфу, цьфу, то рускага духу не чуваць, не відаць, а сёння рускі дух сам прыйшоў.

А Іван-царэвіч ёй:

– Ах ты, Баба Яга, сустракай госця па вопратцы, праводзь па розуме. Ты б майго каня ўзяла, мяне б, добрага малайца, падарожнага чалавека, накарміла, напаіла ды спаць паклала…

Баба Яга гэта ўсё зрабіла – каня ўзяла, а Івана-царэвіча накарміла, напаіла, у ложак паклала і пачала распытваць, хто ён і куды накіроўваецца.

– Я, бабуля, з такога царства, з такога гаспадарства, цароў сын Іван-царэвіч. Еду па жывую ваду і маладзільныя яблыкі да магутнай волаткі, дзяўчыны Сінявочкі…

– Ну, дзіцятка мілае, не ведаю, ці атрымаеш ты згоду. Няпроста, няпроста дабрацца да дзяўчыны Сінявочкі!

– А ты, бабуля, дай сваю галаву маім магутным плячам, падзяліся розумам.

– Шмат малойцоў праязджала, ды не шмат ветліва размаўляла. Вазьмі, дзіцятка, майго каня, едзь да маёй старэйшай сястры. Яна лепей за мяне навучыць, што рабіць.

Вось Іван-царэвіч пераначаваў у гэтай старой, устаў на досвітку раненька, памыўся беленька. Падзякаваў Бабе Язе за начлег і паехаў на яе кані.

А гэты конь яшчэ спраўнейшы за таго.

Раптам Іван-царэвіч кажа:

– Стой! Пальчатку згубіў.

А конь адказвае:

– Калі ж ты сказаў, я ўжо трыста вёрст праскакаў…

Не хутка справа робіцца, хутка казка расказваецца. Едзе Іван-царэвіч дзень да вечара – да сонейка захаду. Выязджае – да хаткі на курынай ножцы, з адным акенцам.

– Хатка, хатка, павярніся да лесу задам, да мяне перадам! Мне не век векаваць, адну ночку пераначаваць.

Раптам заіржаў конь, і пад Іванам-царэвічам конь адгукнуўся. Выходзіць на ганак Баба Яга, вялікага веку, яшчэ старэйшая за тую. Паглядзела – конь яе сястры, а вершнік чужаземны, малойца прыгожы…

Тут Іван-царэвіч ветліва ёй пакланіўся і начаваць папрасіўся. Няма чаго рабіць! Начлег з сабою не возяць – начлег кожнаму: пешаму і коннаму, беднаму і багатаму.

Баба Яга ўсё зрабіла як мае быць – каня забрала, а Івана-царэвіча накарміла, напаіла і пачала распытваць, хто ён ды адкуль і куды едзе.

– Я, бабуля, з такога царства, з такога гаспадарства, цароў сын Іван-царэвіч. Быў у тваёй малодшай сястры, яна паслала да сярэдняй, а сярэдняя да цябе накіравала. Дай сваю галаву маім магутным плячам, падкажы, як мне здабыць у дзяўчыны Сінявочкі жывой вады і маладзільных яблыкаў.

– Няхай будзе так, дапамагу я табе, Іван-царэвіч. Дзяўчына Сінявочка, мая пляменніца, – дужая і магутная волатка. Вакол яе царства – сцяна тры сажні вышыні, сажань таўшчыні, каля брамы варта – трыццаць волатаў. Цябе і да брамы не пусцяць. Трэба табе ехаць апоўначы, ехаць на маім добрым кані. Даедзеш да сцяны – бі каня па баках бізуном нехвастаным. Конь цераз сцяну пераскочыць. Ты каня прывяжы і ідзі ў сад. Пабачыш яблыню з маладзільнымі яблыкамі, а пад яблыняю калодзеж. Тры яблыкі сарві, а болей не бяры. І зачэрпні з калодзежа жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін. Дзяўчына Сінявочка будзе спаць, ты ў палац да яе не заходзь, а сядай на каня і бі яго па баках. Ён цябе цераз сцяну перанясе.

Іван-царэвіч вырашыў не начаваць у гэтай старой, а сеў на добрага каня і паехаў у ноч. Гэты конь падскоквае, імхі-багны пераскоквае, рэкі, азёры хвастом замятае.

Ці доўга, ці коратка, ці нізка, ці высока, даязджае Іван-царэвіч апоўначы да высокай сцяны. Каля брамы варта стаіць – трыццаць магутных волатаў. Прытрымлівае ён свайго каня, б’е яго бізуном нехвастаным. Конь узлаваўся і пераскочыў цераз сцяну. Злез Іван-царэвіч з каня, выходзіць у сад і бачыць – стаіць яблыня са срэбным лісцем, залатымі яблыкамі, а пад яблыняй калодзеж. Іван-царэвіч сарваў тры яблыкі, а болей не ўзяў, зачарпнуў з калодзежа жывой вады гарлач на дванаццаць гарлавін. І закарцела яму на свае вочы пабачыць дужую магутную волатку, дзяўчыну Сінявочку.

Заходзіць у палац, а там спяць па адзін бок шэсць паленіц{Паленіца. У рускім эпасе – волат (мужчына або жанчына).} – дзявок-волатак, і па другі бок шэсць, а пасярэдзіне раскідалася дзяўчына Сінявочка, спіць, нібы вялікі рачны парог шуміць.

Не ўтрымаўся Іван-царэвіч, прыклаўся, пацалаваў яе і выйшаў… Сеў на добрага каня, а конь кажа яму чалавечым голасам:

– Не паслухаўся ты, Іван-царэвіч, зайшоў у палац да дзяўчыны Сінявочкі. Цяпер мне сцяну не пераскочыць.

Іван-царэвіч б’е каня бізуном нехвастаным.

– Ах ты, конь, воўчая сыць, травяны мех, нам тут не ноч начаваць, а галаву страціць!

Узлаваўся конь яшчэ болей і пераскочыў цераз сцяну, ды зачапіў яе падковаю – на сцяне струны заспявалі і званы зазванілі.

Дзяўчына Сінявочка прачнулася ды заўважыла крадзеж:

– Прачынайцеся, у нас крадзеж вялікі!

Загадала яна асядлаць свайго магутнага каня і кінулася з дванаццацю паленіцамі наўздагон за Іванам-царэвічам.

Падганяе Іван-царэвіч як мага каня, а дзяўчына Сінявочка скача за ім. Даязджае ён да старэйшай Бабы Ягі, а тая ўжо каня вывела, падрыхтавала. Ён – са свайго каня ды на гэтага і зноў паімчаў… Іван-царэвіч за дзверы, а дзяўчына Сінявочка – у дзверы і пытаецца ў Бабы Ягі:

– Бабуля, ці звер тут не прабягаў?

– Не, дзіцятка.

– Бабуля, ці малойца тут не праязджаў?

– Не, дзіцятка. А ты з дарогі з’еш малачка.

– З’ела б я, бабуля, ды доўга карову даіць.

– Што ты, дзіцятка, я хуценька…

Пайшла Баба Яга карову даіць – доіць, не спяшаецца. З’ела дзяўчына Сінявочка малачка ды зноў пагналася за Іванам-царэвічам.

Даязджае Іван-царэвіч да сярэдняй Бабы Ягі, каня памяняў і далей паскакаў. Ён за дзверы, а дзяўчына Сінявочка – у дзверы:

– Бабуля, ці не праскокваў звер, не праязджаў добры малойца.

– Не, дзіцятка. А ты б з дарогі з’ела блінцоў.

– Дык ты доўга пячы будзеш.

– Што ты, дзіцятка, я хуценька…

Напякла Баба Яга блінцоў – пячэ, не спяшаецца. Дзяўчына Сінявочка з’ела і зноў пагналася за Іванам-царэвічам.

Ён даязджае да малодшай Бабы Ягі, злез з каня, сеў на свайго каня магутнага і зноў паскакаў. Ён за дзверы, дзяўчына Сінявочка – у дзверы і пытаецца ў Бабы Ягі, ці не праязджаў добры малойца.

– Не, дзіцятка. А ты б з дарогі ў лазні папарылася.

– Дык ты доўга паліць будзеш.

– Што ты, дзіцятка, я хуценька…

Выпаліла Баба Яга ў лазні, усё падрыхтавала. Дзяўчына Сінявочка папарылася, памылася і зноў паскакала наўздагон. Конь яе з горкі на горку пераскоквае, рэкі, азёры хвастом замятае. Вось-вось Івана-царэвіча нагоніць.

Той бачыць за сабою пагоню: дванаццаць волатак з трынаццатай – дзяўчынай Сінявочкай – збіраюцца яго схапіць, з плячэй галаву зняць. Спыніў ён каня, дзяўчына Сінявочка наскоквае і крычыць яму:

– Што ж ты, злодзей, без дазволу з майго калодзежа піў ды калодзеж не закрыў!

А ён ёй:

– Чакай, давай раз’едземся на тры скачкі коневых, давай сілу спрабаваць.

Тут Іван-царэвіч і дзяўчына Сінявочка раз’ехаліся на тры скачкі коневых, бралі паліцы баявыя, дзіды даўгамерныя, шабелькі вострыя. І з’язджаліся тры разы, паліцы зламалі, дзіды-шаблі вышчарбілі – не маглі адзін адно з каня зваліць.

Не было чаго на добрых канях раз’язджацца, саскочылі яны з коней і счапіліся аберуч.

Дужаліся з раніцы да вечара – да сонейка захаду. У Івана-царэвіча шпаркая ножка падвярнулася, упаў ён на сырую зямлю. Дзяўчына Сінявочка стала каленкам на яго белыя грудзі і выцягвае меч булатны – калоць яго белыя грудзі. Іван-царэвіч і кажа ёй:

– Не губі ты мяне, дзяўчына Сінявочка, лепш вазьмі за белыя рукі, паднімі з сырой зямлі, пацалуй у вусны салодкія.

Тут дзяўчына Сінявочка падняла Івана-царэвіча з сырой зямлі і пацалавала ў вусны салодкія. І паставілі яны шацёр у чыстым полі, на шырокім прыволлі, на зялёных лугах. Тут яны балявалі тры дні і тры ночы. Тут яны і заручыліся і пярсцёнкамі памяняліся.

Дзяўчына Сінявочка яму кажа:

– Я паеду дахаты, і ты едзь дахаты, ды глядзі нікуды не збочвай… Праз тры гады чакай мяне ў сваім царстве.

Селі яны на коней і паехалі кожны ў свой бок… Ці доўга, ці коратка, не хутка справа робіцца, хутка казка расказваецца, – даязджае Іван-царэвіч да ростані, да трох дарог, дзе пліта-камень, ды й думае:

«Вось нядобра! Дахаты еду, а браты мае Бог ведама дзе».

І не паслухаўся ён дзяўчыну Сінявочку, збочыў на тую дарогу, дзе жанатым быць… І прыязджае да палаца з залатой страхой. Тут пад Іванам-царэвічам конь заіржаў і братоў коні адгукнуліся. Коні ж былі з аднаго табуна. Іван-царэвіч узышоў на ганак, грукнуў у дзверы, макаўкі на палацы затрэсліся, аканіцы пагнуліся. Выбягае прыгожая дзяўчына.

– Ах, Іван-царэвіч, даўно я цябе чакаю! Ідзі са мною хлеб-соль есці і спаць-адпачываць.

Павяла яго ў палац і пачала частаваць. Іван-царэвіч не столькі еў, колькі пад стол кідаў, не столькі піў, колькі пад стол ліў. Павяла яго прыгожая дзяўчына ў спачывальню:

– Лягай, Іван-царэвіч, спаць-адпачываць.

А Іван-царэвіч штурхнуў яе на ложак, хуценька ложак павярнуў, дзяўчына й паляцела ў склеп, у яму глыбокую.

Іван-царэвіч схіліўся над ямаю і гукае:

– Хто там жывы?

А з ямы адказваюць:

– Фёдар-царэвіч ды Васіль-царэвіч.

Ён іх з ямы выцягнуў – яны з твару чорныя, зямлёй ужо пачалі абрастаць. Іван-царэвіч памыў братоў жывой вадою – зрабіліся зноў ранейшымі.

Селі яны на коней і паехалі… Ці доўга, ці коратка, даехалі да ростані. Іван-царэвіч і кажа братам:

– Папільнуйце майго каня, а я адпачну.

Лёг ён на шаўковую траву і заснуў моцным сном.

А Фёдар-царэвіч і кажа Васілю-царэвічу:

– Вернемся мы без жывой вады, без маладзільных яблыкаў – будзе нам мала гонару, пашле нас бацька гусей пасвіць.

Васіль-царэвіч адказвае:

– Давай Івана-царэвіча ў прорву скінем, а гэтыя рэчы возьмем ды бацьку ў рукі аддамо.

Вось яны ў яго з-за пазухі выцягнулі маладзільныя яблыкі і гарлач з жывой вадой, а яго ўзялі ды кінулі ў прорву. Іван-царэвіч ляцеў туды тры дні і тры ночы.

Упаў Іван-царэвіч на самае ўзмор’е. Ачуняў і бачыць – толькі неба і вада, і пад старым дубам каля мора птушаняты пішчаць – б’е іх непагадзь.

Іван-царэвіч зняў з сябе кафтан і птушанят накрыў, а сам схаваўся пад дуб.

Супакоілася непагадзь, ляціць вялікая птушка Нагай.

Прыляцела, пад дуб села і пытаецца ў птушанят:

– Дзіцяткі мае мілыя, ці не забіла вас непагадзь?

– Не крычы, маці, нас выратаваў рускі чалавек, сваім кафтанам накрыў.

Птушка Нагай пытаецца ў Івана-царэвіча:

– Як ты сюды трапіў, мілы чалавек?

– Мяне родныя браты ў прорву кінулі за маладзільныя яблыкі ды жывую ваду.

– Ты маіх дзяцей выратаваў, прасі ў мяне, што жадаеш: золата, срэбра, камяні каштоўныя.

– Нічога, Нагай-птушка, мне не трэба: ні золата, ні срэбра, ні камяні каштоўныя. А ці нельга мне трапіць у родную старонку?

Нагай-птушка яму адказвае:

– Знайдзі мне дзве кадкі – пудоў па дванаццаць – мяса.

Вось Іван-царэвіч настраляў на ўзмор’і гусей, лебедзяў, у дзве кадкі паклаў, паставіў адну кадку Нагай-птушцы на правае плячо, а другую кадку – на левае, сам сеў ёй на спіну. Пачаў птушку Нагай карміць, яна ўзнялася і ляціць у вышыню.

Рис.3 Ні на небе, ні на зямлі

Яна ляціць, а ён ёй падае ды падае… Ці доўга, ці коратка так ляцелі, скарміў Іван-царэвіч абедзве кадкі. А птушка Нагай зноў паварочваецца. Ён узяў нож, адрэзаў у сябе кавалак з нагі і Нагай-птушцы даў. Тая ляціць, ляціць і зноў паварочваецца. Ён з другой нагі адрэзаў мяса і даў. Вось ужо недалёка ляцець засталося. Нагай-птушка зноў паварочваецца. Ён з грудзей у сябе мяса адрэзаў і ёй аддаў.

Тут Нагай-птушка данесла Івана-царэвіча да роднай старонкі.

– Добра ты карміў мяне ўсю дарогу, але нічога смачнейшага за апошні кавалак зроду не каштавала.

Іван-царэвіч ёй і паказвае раны. Нагай-птушка адрыгнула, тры кавалкі выпалі:

– Прыкладзі на месца.

Іван-царэвіч прыклаў – мяса й прырасло да касцей.

– Цяпер злазь з мяне, Іван-царэвіч, я дамоў палячу.

Узнялася Нагай-птушка ў вышыню, а Іван-царэвіч пакрочыў па дарозе да роднай старонкі.

Прыйшоў ён у сталіцу і даведваецца, што Фёдар-царэвіч і Васіль-царэвіч прывезлі бацьку жывой вады і маладзільных яблыкаў, і цар вылечыўся: па-ранейшаму стаў здароўем моцны, і зрок вярнуўся.

Не пайшоў Іван-царэвіч да бацькі, маці, а сабраў п’яніцаў, карчомную галоту і давай гуляць па шынках.

Тым часам за трыдзевяць зямель, у трыдзясятым царстве магутная багатырка Сінявочка нарадзіла двух сыноў.

Яны растуць не па днях, а па гадзінах. Хутка казка расказваецца, не хутка справа робіцца – мінула тры гады. Сінявочка ўзяла сыноў, склікала войска і пайшла шукаць Івана-царэвіча.

Прыйшла яна ў яго царства і ў чыстым полі, на шырокім прыволлі, на зялёных лугах паставіла шацёр белапалатняны. Ад шатра дарогу заслала сукнамі каляровымі. І пасылае ў сталіцу цару паведаміць:

– Цар, аддай царэвіча. Не аддасі – усё царства патапчу, папалю, цябе ў палон захаплю.

Цар спалохаўся і пасылае старэйшага – Фёдара-царэвіча. Ідзе Фёдар-царэвіч па каляровых сукнах, падыходзіць да шатра белапалатнянага. Выбягаюць два хлопчыкі:

– Мамачка, мамачка, ці не гэта наш татачка ідзе?

– Не, дзеткі, гэта ваш дзядзечка.

– А што загадаеш з ім рабіць?

– А вы, дзеткі, пачастуйце яго добра.

Тут гэтыя два хлапчукі ўзялі трысціны ды давай хвастаць Фёдара-царэвіча ніжэй спіны. Білі, білі, той ледзь уцёк.

А Сінявочка зноў пасылае да цара:

– Аддай царэвіча…

Яшчэ больш напалохаўся цар і пасылае сярэдняга – Васіля-царэвіча. Той прыходзіць да шатра. Выбягаюць два хлопчыкі:

– Мамачка, мамачка, ці не гэта наш татачка ідзе?

– Не, дзеткі, гэта ваш дзядзечка, пачастуйце яго добра.

Два хлапчукі зноў давай дзядзьку трысцінамі часаць. Білі-білі, Васіль-царэвіч ледзь уцёк.

А Сінявочка трэці раз пасылае да цара:

– Ідзіце шукайце трэцяга сына, Івана-царэвіча. Не знойдзеце – усё царства патапчу, папалю.

Цар яшчэ больш напалохаўся, пасылае па Фёдара-царэвіча і Васіля-царэвіча, загадвае ім знайсці брата, Івана-царэвіча. Тут браты ўпалі бацьку ў ногі і ва ўсім прызналіся: як у соннага Івана-царэвіча ўзялі жывую ваду і маладзільныя яблыкі, а самога скінулі ў прорву.

Пачуў гэта цар і заліўся слязамі. А тым часам Іван-царэвіч сам ідзе да Сінявочкі, і з ім ідзе галота карчомная. Яны пад нагамі сукны рвуць і ў бакі раскідаюць.

Падыходзіць ён да белапалатнянага шатра. Выбягаюць два хлапчукі:

– Мамачка, мамачка, да нас нейкі п’яніца ідзе з галечай карчомнаю.

А Сінявочка ім:

– Бярыце яго за белыя рукі, вядзіце ў шацёр. Гэта ваш родны бацька.

Ён тры гады бязвінна пакутаваў.

Тут Івана-царэвіча ўзялі за белыя рук, правялі ў шацёр. Сінявочка яго памыла і расчасала, вопратку на ім памяняла і спаць паклала. А галоце карчомнай па чарачцы паднесла, і яны па дамах разышліся.

На другі дзень Сінявочка і Іван-царэвіч прыехалі ў палац. Тут пачалі гуляць ды весяліцца. Фёдару-царэвічу і Васілю-царэвічу мала было гонару, выгналі іх з двара – начаваць дзе ноч, дзе дзве, а трэцюю і начаваць няма дзе…

Іван-царэвіч не застаўся тут, а паехаў з Сінявочкаю ў яе дзявочае царства.

На гэтым і казка ўся.

Украінскія

Пакацігарошак

Жыў-быў адзін чалавек, і меў ён шасцёра сыноў і адну дачку. Пайшлі сыны ў поле араць і загадалі, каб сястра прынесла ім полудзень. Яна кажа:

– А дзе ж вы будзеце араць? Я ж не ведаю.

Яны кажуць:

– Мы правядзём раллю ад хаты ажно да тае нівы, дзе араць будзем, то ты за той баразною і ідзі.

Паехалі.

А змей, што жыў за тым полем, у лесе, узяў дый на той раллі скібы назад папераварочваў, а сваю працягнуў да свайго палаца. Сястра як панесла братам полудзень, то пайшла ўздоўж гэтай баразны і датуль ішла, пакуль не зайшла ў двор змеяў. Там яе змей і схапіў.

Прыходзяць сыны ўвечары дадому дый кажуць маці:

– Увесь дзень аралі, а вы нам полудзень не прыслалі.

– Як гэта не прыслала? Аленка ж панесла. Я думала, яна з вамі вернецца. Ці не заблудзілася?

Браты і кажуць:

– Трэба ісці шукаць яе.

Дый пайшлі ўсе шасцёра ўздоўж тае баразны і дайшлі-такі да палаца змеявага, дзе іхняя сястра была. Прыходзяць туды, калі яна там.

– Браточкі мае любыя, дзе ж я вас падзену, як змей прыляціць? Ён жа вас паесць!

Тут жа і змей ляціць.

– А, – кажа, – чалавечым духам пахне! А што, хлопцы, прыйшлі біцца ці мірыцца?

– Не, – кажуць, – біцца!

– Хадзем жа на жалезны ток!

Пайшлі на жалезны ток біцца. Нядоўга і біліся: як ударыў іх змей дык і загнаў у той ток. Узяў іх тады ледзьве жывых і ў глыбокую цямніцу кінуў.

А тыя муж і жонка чакаюць і чакаюць сыноў – няма. Вось аднойчы пайшла жонка на рэчку бялізну мыць, а тут коціцца гарошынка па дарозе. Жонка ўзяла гарошынку дый з’ела.

Праз нейкі час нарадзіўся ў яе сын. Назвалі яго Пакацігарошкам.

Расце дый расце той сын, – няшмат гадоў, а ўжо вялікі вырас. Аднаго разу бацька з сынам капалі студню, дакапаліся да вялікага каменя. Бацька пабег людзей клікаць, каб дапамаглі камень выкінуць. Пакуль бацька хадзіў, Пакацігарошак узяў дый выкінуў. Прыходзяць людзі, як глянулі – ажно аслупянелі. Спалохаліся, што ў яго такая сіла, і хацелі яго забіць. А ён падкінуў той камень уверх дый падхапіў, людзі і паўцякалі.

Вось капаюць далей і дакапаліся да вялікага кавалка жалеза. Выцягнуў яго Пакацігарошак дый схаваў.

Пытаецца раз Пакацігарошак у бацькі, у маці:

– Недзе павінны быць у мяне браты і сястра?

– Эт, – кажуць, – сынку, былі ў цябе і сястра, і шасцёра братоў, ды так і так з імі сталася.

– Ну, – кажа ён, – то я пайду іх шукаць.

Бацька і маці ўгаворваюць:

– Не ідзі, сыне: шасцёра пайшло, ды загінула, а ты адзін, каб таксама не загінуў!

– Не, пайду ўсё ж! Як гэта сваю кроў ды не вызваліць?

Узяў тое жалеза, што закапаў, дый панёс да каваля.

– Выкуй, – кажа, – мне булаву, ды вялікую!

Як пачаў каваль каваць, то выкаваў такую булаву, што ледзьве з кузні вынеслі. Узяў Пакацігарошак тую булаву, кінуў уверх дый кажа бацьку:

– Лягу я спаць, а вы мяне пабудзіце, калі будзе булава ляцець праз дванаццаць дзён.

Дый лёг. На трынаццаты дзень гудзе тая булава! Пабудзіў яго бацька, ён усхапіўся, падставіў палец, булава як ударылася аб яго, дык і разламалася папалам. Ён і кажа:

– Ну, з гэтаю булавою нельга ісці шукаць братоў і сястру, – трэба выкаваць другую.

Панёс яе зноў да каваля.

– На, – кажа, – перакуй, каб была па мне! Выкаваў каваль яшчэ большую. Пакацігарошак і тую шпурнуў угору дый лёг зноў на дванаццаць дзён. На трынаццаты дзень ляціць тая булава назад, гудзе – ажно зямля дрыжыць. Пабудзілі Пакацігарошка, ён усхапіўся, падставіў палец, булава як ударылася аб яго – толькі крышку сагнулася.

– Ну, з гэтаю булавою можна шукаць братоў і сястру. Пячыце, мама, боханы ды сушыце сухары, – пайду.

Узяў тую булаву, у торбу – боханаў і сухароў, развітаўся і пайшоў.

Пайшоў уздоўж баразны, тае даўнейшай, якую яшчэ трошкі знаць было, дый зайшоў у лес. Ідзе тым лесам, ідзе ды ідзе. Нарэшце прыходзіць у вялікі двор. Уваходзіць у двор, тады – у вялікі будынак, а змея няма, адна сястра Аленка дома.

– Дзень добры, дзяўчына!

Рис.4 Ні на небе, ні на зямлі

– Дзень добры, хлопча! Чаго ты сюды зайшоў: прыляціць змей, то ён цябе з’есць!

– Можа, аднак, і не з’есць! А ты хто такая?

– Я была адна дачка ў бацькі і маці, ды мяне змей украў, а шасцёра братоў пайшлі вызваляць дый загінулі.

– Дзе ж яны? – пытаецца Пакацігарошак.

– Укінуў змей у цямніцу, дый не ведаю, ці яшчэ жывыя, ці, можа, і косці ўжо струхнелі.

– Пачакай, можа, я цябе вызвалю, – кажа Пакацігарошак.

– Дзе табе вызваліць! Шасцёра не вызвалілі, а ты ж адзін!

– Нічога, паглядзім! – кажа Пакацігарошак.

Дый сеў на падаконніку, чакае. Аж тут і змей ляціць. Прыляцеў ды кажа:

– Гэ, чалавечым духам пахне!

– Дзіва што пахне, – кажа Пакацігарошак, – калі я прыйшоў.

– Ага, хлопец, а што табе тут трэба? Біцца ці мірыцца?

– Нашто ўжо там мірыцца, біцца, – кажа Пакацігарошак.

– Хадзем жа на жалезны ток!

– Хадзем!

Прыйшлі. Змей і кажа:

– Бі першы!

– Не, – кажа Пакацігарошак, – бі ты спачатку!

Змей як ударыў яго, дык па костачкі і загнаў у жалезны ток. Вырваў ногі Пакацігарошак, як махнуў булавою, як ударыў змея, – загнаў яго ў жалезны ток па калені. Вырваўся змей, ударыў Пакацігарошка – і таго па калені загнаў. Ударыў Пакацігарошак другі раз, па пояс загнаў змея ў жалезны ток, ударыў трэці раз – зусім забіў.

Пайшоў тады ў цямніцы глыбокія, адамкнуў сваіх братоў, а яны ледзьве жывыя.

Продолжить чтение