Читать онлайн Нарвежскі кот не падвядзе (зборнік) бесплатно
Мастак Аліна Пацёмская.
Пераклад з украінскай Алеся Карлюкевіча паводле выдання:
© Слабошпицький М., 2013
© Карлюкевіч А. М., пераклад на беларускую мову, 2013
© Пацёмская А., ілюстрацыі, 2013
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Цікаўная рыбачка
У адным вялікім стаўку жыла маленькая рыбачка.
У прыродзе тады самае лета стаяла. З вады рыбачка бачыла вясёлае сонца ў далёкіх нябёсах і голле вярбы, што звесілася ўздоўж берага да самай вады.
Цэлымі днямі рыбачка прывольна плавала пад вербамі і з цікавасцю пазірала на бераг: а што ж там робіцца?
На беразе з доўгімі вудамі ў руках сядзелі вусатыя рыбакі, з муркатаннем блукалі вусатыя каты і мэкалі рагатыя козы. Далей ад берага ляжала ў хмарах дарога, па якой праляталі з грукатам грузавікі, трашчалі матацыклы, гойсалі на веласіпедах хлапчукі. А далей…
А далей рыбачцы нічога не было бачна.
І з тае нагоды яна дужа сумавала.
Рыбачка не раз бачыла, як дарослыя буйныя рыбы ныралі глыбока, аж да дна, разганяліся там і імкліва ўзляталі ўверх над вадой. Вось, мабыць, паспявалі ўсяго ўбачыць! Ім жа станавілася відаць нават далёка за дарогу.
Паглядзела-паглядзела на іх скачкі рыбачка і стала вучыцца.
Нырне і скокне ўверх. Нырне і скокне. Нырне і скокне…
І ўсё скача бліжэй да берага, каб вунь туды, на дарогу, даскочыць. Прыдумала сабе, што выскачыць з вады аж за вербы і падскокам па дарозе пагуляе.
Глядзелі вялікія дарослыя рыбы на тыя скаканні і асуджальна галовамі ківалі, аж хвалі ішлі ад таго па вадзе. Ківалі галовамі і прыгаворвалі: «Ой, не давядзе да дабра гэта скаканне!»
А рыбачка іх і слухаць не хацела.
«Адкуль яны могуць ведаць? – думала яна. – Прасядзелі ўвесь век у вадзе, нічога не бачылі, яшчэ і іншых вучаць: «Не давядзе да дабра! Не давядзе да дабра!» Давядзе! Я лепш за іх ведаю!»
Так сабе думала, яшчэ і ўслых прыгаворвала цікаўная, упартая рыбачка.
Прыгаворвала ў вадзе, аж бурбалкі ў яе з рота ляцелі.
Выляталі бурбалкі і плавалі, як празрыстыя гарошыны, пад вярбовымі галінамі.
А рыбачка скакала і скакала. Ужо ажно да голля даскоквала. І хвосцікам маленечкім памахвала, і на сонцы паблісквала.
Рыбакі нават пра вуды свае забыліся і на яе глядзелі. У іх ад захаплення ажно вусы варушыліся. А каты ля бярозы прыніклі, толькі вачыма за рыбачкай услед водзяць. Вось, думаюць, маленькая спажыва нам была б. Адзін нават скокнуў між вярбовага голля, каб злавіць рыбачку ў палёце. Але яна ўжо знікла ў хвалях, а кот булькнуўся ў ваду і роспачна заенчыў, быццам шкадлівае хлапчанё пацягнула яго за хвост.
Усе рыбакі дружна зарагаталі, і рыбы здзекліва хвастамі замахалі.
А рыбачка ўсё сваё – скача ды скача.
І даскакалася, гаротніца.
Ажно на бераг вылецела і патрапіла ў крапіву.
Рыпнулася там, каб сягнуць назад у ваду, а яно чамусьці не скачацца.
– Вой, – жаласліва прамовіла рыбачка, – што ж цяпер са мною будзе?! Што ж будзе?!
Прашалясцеў над ёю вецер і нічога не адказаў.
– Дапамажыце! Дапамажыце! – прашаптала рыбачка.
Правуркатала непадалёку машына і нічога ёй не адказала.
– Праўду казалі дарослыя рыбы, – заплакала рыбачка. – Не давялі да дабра такія скокі. Калі б я ведала, я сюды зусім не скакала б…
Але ніхто яе не чуў і ніхто не ішоў ратаваць.
Толькі каты вусамі ва ўсе бакі павялі, вушы навастрылі, вачыма забліскалі і дружна кінуліся ў крапіву.
Ужо даўно і з’елі б гаротную рыбачку, але ўчынілі паміж сабою сварку.
– Гэта мая здабыча! Гэта мая здабыча! – голасна енчыў кожны кацяра.
Так і не падпускалі адзін аднаго да рыбачкі, ужо ў іх нават і да бойкі дайшло. А рыбачка змярцвела ад страху, хвосцік пад сябе падабрала, вочкі заплюшчыла і шаптала:
– Вось мяне і не будзе… Плаваюць рыбы ў стаўку, а я ўжо ніколі не паплаваю і не пабачу з вады радаснага сонейка… Як жа гэта несправядліва!
Так, гэта было б дужа несправядліва.
Але ж яно так і здарылася б, калі б у той час не ехаў каля берага хлапчына на веласіпедзе.
Убачыў ён каціную вайну і засмяяўся:
– Што, – звярнуўся да катоў, – б’ецеся за крапіву?
А пасля ўспомніў, што каты крапівы не ядуць.
«Што ж такое ў іх прычынілася? – падумаў. – Штосьці там у крапіве ёсць…»
І пабачыў ён перапуджаную рыбачку, што ўжо і дыхаць пераставала…
Дакрануўся да крапівы, і ўджаліла яна яму пальцы. Як агнём прыпякла. Іншы сеў бы на веласіпед і паехаў – вядома ж, крапіва лютая.
Але ж хлопчык быў добры і смелы.
– Джаль! Джаль! Пячы! Пячы мяне! – закрычаў ён скрозь слёзы. – Я ж не магу рыбачку ў бядзе пакінуць!
І дастаў рыбачку.
І кінуў у ваду.
Кацяры павялі за ёй вачыма, пакуль не булькнула, і расчаравана мяўкнулі.
– Вось так! – сказаў ім хлопчык. – І не сорамна вам зубы тачыць на малюсенькую рыбачку?! Злодзеі хвастатыя!
А рыбачка з-пад лагоднай хвалі толькі яму і пракрычала:
– Дзякую табе, хлопчык, дзякую!..
Ці пачуў яе хлопчык – не ведаю.
Але радасныя бурбалкі на вадзе ён пабачыў.
Сеў на веласіпед, свіснуў ды паехаў далей.
А вы яго часам не сустракалі?
Зайчаня, якое лічыла сябе смельчаком
У густым-густым лесе, у глыбокай нары пад старым дубам, жыла дружная зайчыная сям’я.
Тата і мама часта адлучаліся з нары. Выбіраліся ў далёкія вандроўкі ажно за лес. Там было поле, а на ім раслі капуста, морква, буракі – усе зайчыныя ласункі.
Малыя зайчаняты мелі суровы наказ гуляць толькі каля свайго дрэва і не адбягаць ад яго нікуды. Ім сказалі, што ў лесе поўна драпежнікаў. Зловіць хто з іх дурное зайчанё – і з’есць адразу.
Шасцёра зайчанят былі дужа паслухмяныя. Яны паўтаралі адно аднаму бацькаў-матчын наказ і бегалі толькі вакол дуба. А сёмае зайчанё – урадзіцца ж такое! – зусім было непаслухмянае.
Выскачаць тата з мамай з нары – і яно імчыць следам за імі.