Читать онлайн Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве бесплатно

Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве

© Бадзілоўская Наталія, 2013

© I.П.Логвiнаў, 2013

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Прынцэса краіны… Кніга

Аўтар можа зрабіцца літаратурным героем, і літаратурны герой можа стаць аўтарам. Звычайная вандроўка альбо проста паездка да сяброў можа здзейсніцца літаратурным творам. У кожнага героя ёсць свая краіна і ў кожнай краіны ёсць свой герой. У любой краіны мноства герояў. Але не ў кожнага героя (гераіні) ёсць некалькі краін.

У кожным дарослым жыве дзіцёнак, і з кожнага дзіцяці вырастае дарослы. Наталія ў дарослым жыцці – адказная асоба. Стваральніца тэкстаў і генератарка ідэяў… Дзіцячая літаратура патрабуе асаблівай адказнасці, і таму маюць права пісаць чароўныя казкі толькі шляхетныя асобы.

У дарослым і рэальным жыцці аўтар даследуе архітэктуру, Данію яна ўспрымае як цацачную краіну, у вандроўцы становіцца Прынцэсай. Па жанры аповяд можна вызначыць як дзіцячую казку для дарослых і дарослы аповяд для дзяцей. Гэта і дапаможнік для турыстаў, і рэальна-фантастычная гісторыя для вандроўнікаў, і Нанават параграф у падручніку, напісаны паэтычнай мовай.

Кніга змяшчае ў сабе як па-мастацку аформленыя статыстычныя дадзеныя пра краіну, так і бытаповяд. Перад тым, як ехаць у пэўную краіну, варта запытвацца ў тых, хто ўжо быў у тых мясцінах. Неабходна даведацца пра звычаі і традыцыі, што трэба браць з сабой і чым можна ўзбагаціцца там, як у матэрыяльным сэнсе, так і духоўным.

Такім чынам, У Даніі з’яўляецца, прытуляецца ліцвінская (беларуская) Прынцэса, дзе сустракае Прынца.

Што атрымалася далей? У рэцэнзіях ці рэфлексіях да прыгодніцкіх твораў не прынята раскрываць, чым скончваецца сустрэча Прынцэсы з Прынцам. Хіба што… адрозніваецца ад звычайнага (прынамсі, так мне падалося), і пра гэта можна будзе напісаць (прагаварыць) у прадмове да наступнай кнігі.

Яе абавязкова трэба прачытаць, асаблiва тым, хто збіраецца ў Данію, тым хто там знаходзіцца, і тым хто вярнуўся, каб супаставіць свае назіранні. Тым, хто прачытае кніжку, нельга пасля не трапіць у Данію, якая пачынае прыцягваць як нейкім чароўным магнітам, як цацка дзіцяці, як неба для летуценніка.

Бывае, кнігі робяцца жывымі істотамі, героямі. Кніжка можа таксама стаць шляхетнай асобай, яна трапляе ў асяроддзе такіх жа высакародных асоб на кніжнай паліцы, спіс адпаведнага шляхетнага выдавецтва, рэйтынгі рэкамендаванай для чытання літаратуры.

Алесь ТУРОВІЧ,пісьменнік, паэт,літаратурны крытык

Напярэдадні казкі

Цуды адбываюцца штодня. Толькі мы, занятыя сваімі справамі, праблемамі, іх не заўважаем. І гэтая новая казка, якую прыдумала і напісала Наталія Бадзілоўская, сведчыць: незвычайнае побач з намі! Проста трэба прыгледзецца крыху ўважлівей да ўсяго, што адбываецца навокал… І звычайнае – стане незвычайным і вельмі прыгожым!..

Тады вы, дарагія сябры, убачыце, які разнастайны, цікавы і цудоўны свет вакол нас. Вы ўбачыце, што ён працяты любоўю, яркім святлом радасці, дружбы, натхнення, творчасці… Вы зразумееце, што святло заўсёды перамагае цемру, а добрае – заўсёды перамагае благое. Вы пераканаецеся ў тым, як важна, каб побач з намі заўсёды былі сяброўства, вернасць, надзейнасць, спагадлівасць, разуменне.

Увага і пяшчота, клопат, павага і любоў вяртаюцца да таго, ад каго паходзяць. Сардэчнасць і шчырасць нараджаюць дабрыню, светлыя пачуцці спараджаюць у адказ светлыя пачуцці, мары здзяйсняюцца! Казка раптам робіцца рэальнасцю!..

Гэта і ёсць той самы цуд, які мы часцяком не заўважаем!

Гэтая казка апавядае пра цудоўныя прыгоды казачнай прынцэсы ў казачнай краіне. Героі яе рэальныя і выдуманыя. Яны вельмі падобныя да тых, каго мы сустракаем штодня. Яны вельмі прывабныя, мілыя і цудоўныя.

І гэтая казка незвычайная якраз тым, што выдуманае ў ёй дзіўна спалучаецца з рэальным, і нараджаецца нешта зусім новае і незвычайнае…

Маленькая краіна, дзе заўсёды вясна

Ёсць на паўночным захадзе Еўропы невялікая краіна – Каралеўства Данія.

Гэтая дзяржава – краіна казачнікаў і казак.

Разам з тым, гэта адна з краін Скандынавіі. Яна займае тэрыторыю 43 098 квадратных кіламетраў, дзе жыве крыху болей за 5,5 млн чалавек. Часам Данію называюць паўночнай Італіяй. І небеспадстаўна. Як і Італія, яна з трох бакоў атачоная марской вадой і далёка заходзіць у мора. І на мапе Еўропы Каралеўства знаходзіцца амаль паралельна Італіі – толькі Італія на поўдні – а Данія на поўначы.

Данія займае паўвостраў Ютландыю, а таксама два вялікія астравы і яшчэ больш за 400 драбнейшых, сярод якіх найбольш вядомыя Зеландыя, Фюн, Лоланд, Фальстэр і Борнхальм. Абмываюцца яны двума морамі з усходу Балтыйскім, а на захадзе Паўночным.

На поўначы праліў Скагерак адмяжоўвае Данію ад Нарвегіі, пралівы Катэгат і Эрэсун ад Швецыі, а на поўдні краіна па сушы мяжуе з Германіяй.

Данія лічыцца невялікай краінай. Але насамрэч яна найбуйнейшая еўрапейская дзяржава. Справа у тым, што Данія валодае найвялікшым у свеце востравам Грэнландыяй, які знаходзіцца ў Атлантычным акіяне, і Фарэрскімі астравамі ў Нарвежскім моры. Грэнландыя па плошчы больш як у 50 разоў перавышае Данію, а яе насельніцтва (каля 58 тыс. чал.) складаецца, галоўным чынам, з эскімосаў, грэнландцаў і датчанаў.

Больш за тысячу гадоў Даніяй кіруюць каралі і каралевы. Гэтая краіна, між іншым, самае старое Каралеўства свету! У ім захаваліся маёнткі, якія будаваліся ці набываліся дацкімі каралямі на працягу доўгіх стагоддзяў.

Дзяржаўны лад Даніі – канстытуцыйная манархія. Гэта значыць, што на чале дзяржавы стаіць кароль, але сваю вярхоўную ўладу ён ажыццяўляе сумесна з аднапалатным парламентам, які тут называюць «фолькетынг». Дарэчы, з 1972 г. Данію ўпершыню ўзначаліў не кароль, а каралева Маргарэтэ II. І яшчэ трэба дадаць, што ад самага пачатку ўзнікнення Еўразвязу Данія ўваходзіць у яго склад, хоць і не карыстаецца агульнаеўрапейскай валютай еўра, захоўваючы свае грошы – крону.

На ўзбярэжжы ў Балтыйскім і Паўночным морах тут ёсць цудоўныя бухты, дзе вада ў ліпені-жніўні дастаткова цёплая, каб у ёй плаваць. Агульная ж працягласць берагавой лініі перавышае 7300 кіламетраў. Таму ніводзін датчанін не жыве далей за 52 кіламетры ад мора!

Клімат у Даніі марскі, умераны, з мяккай зімою.

Краіна мае багатыя гісторыю і культуру. Асноўная рэлігія тут – евангелічнае лютэранства.

У гэтай цудоўнай краіне шмат увагі надаюць дзецям: тут мноства аквапаркаў, цэнтраў забаваў.

Дацкае Каралеўства славіцца сваімі шматлікімі сярэднявечнымі замкамі, ветракамі, аленямі, якія шпацыруюць на лясных узлесках, выспамі, што патанаюць у марской смузе. Тут, у калысцы мараходаў і казачнікаў, утульна і цікава ў любую пару года.

За трыццаць кіламетраў на захад ад сённяшняй дацкай сталіцы Капенгагена месціцца маляўнічы гарадок Роскіле, які быў сталіцаю Каралеўства да XV стагоддзя. Роскілеўскі сабор адзін з найстаражытнейшых помнікаў скандынаўскай архітэктуры. Ён быў заснаваны ў ХІІ ст. І ўвесь гэты горад абвешчаны ЮНЕСКА «спадчынай свету». Тут знаходзяцца Музей караблёў вікінгаў, царква святога Ёргена ХІ стагоддзя і Каралеўскі палац ХVІІІ стагоддзя.

Востраў Фюн, змешчаны на заходнім беразе праліва Вялікі Бельт, цікавы разнастайнымі помнікамі архітэктуры Сярэднявечча.

Ютландыя, вобласць, якая ўключае большую частку краіны, распасціраецца на 400 км ад нямецкай мяжы да паўночнага ўскрайку Даніі. Тут знаходзіцца знакамітая дзіцячая краіна Легалэнд. Паўвостраў і больш за 400 астравоў розных памераў звязаныя паромамі і мастамі.

Узбярэжную раўніну ажыўляюць пясчаныя выдмы і прыморскія азёры лагуннага тыпу.

На востраве Зеландыя на паверхню выходзяць найстаражытнейшыя ў краіне вапняковыя і крэйдавыя пароды, якія ўтварыліся ў мезазойскую эру. На захадзе Ютландыі наўпрост у моры абрываюцца сточаныя хвалямі белыя скалы вышынёй да 128 метраў, уяўляючы маляўнічыя ландшафты. У далёкім мінулым тэрыторыя Даніі была пакрытая змяшанымі лясамі, тарфянікамі і верасовымі пусткамі. Зараз іх можна ўбачыць толькі ў запаведніках. Праўда, дзе-нідзе захаваліся ліставыя лясы з перавагай дубоў і букаў.

Сучаснае Каралеўства Данія – высокаразвітая ў эканамічным дачыненні краіна. У яе багатыя запасы газу і нафты. Данія – энерганезалежная дзяржава. У казачныя архітэктуру і ландшафт свой адметны штрых уносяць шматлікія высокія ветрагенератары, якія пераўтвараюць магутнасць ветру ў электрычную энергію.

Данія – высокатэхналагічная краіна, у яе магутная і прыбытковая вытворчасць.

Дзяржаўны сцяг Даніі

Сцяг, званы датчанамі Даннэнброг (па-дацку: Dannebrog), мае чырвоны колер, які перасякаецца белым скандынаўскім крыжам. Дызайн гэтага крыжа пазней быў выкарыстаны іншымі Скандынаўскімі краінамі (Швецыяй, Нарвегіяй, Ісландыяй), а таксама Фінляндыяй. Даннэнброг з’яўляецца найстарэйшым дзяржаўным сцягам, дакументальна пацверджаная гісторыя якога сягае ў ХIV стагоддзе.

Герб Даніі

Дэвіз Герба Каралеўства Данія: «Дапамога Госпада, любоў народа, сіла Даніі» (па-дацку: «Guds hj lp, Folkets k rlighed, Danmarks styrke»). Злучэнне Боскага, духоўнага з высокім духам датчан.

Герб Даніі – дзяржаўны сімвал Даніі. Малы герб на ім уяўляе залаты шчыт, на якім намаляваны тры блакітныя львы ў каронах і дзевяць чырвоных сэрцаў. Самая старая з вядомых выяў герба выкарыстоўвалася каралём Кнудам VI (каля 1194). На вялікім гербе шчыт падзелены на чвэрці срэбным ордэнскім крыжам Даннэнброга з чырвонай абмалёўкай. У цэнтры эмблемы шчыток з гербам кіруючай Глюксбургскай дынастыі. У першай чвэрці малюнка – уласна герб Даніі: на залатым полі тры блакітныя леапардавыя львы ў каронах, а таксама дзевяць чырвоных сэрцаў. У другой чвэрці – герб Шлезвіга: на залатым полі два блакітныя леапардавыя львы. У астатніх частках – гербы тэрыторый, якімі валодала Дацкая Карона.

Найбуйнейшыя гарады Каралеўства Данія

Гэта дацкая сталіца – Капенгаген, гарады Орхус, Адэнсе, Ольбарг. Усе яны прывабліваюць сваёй непаўторнай архітэктурай. У Даніі можна сустрэць і гатычныя саборы, і палацы эпохі Рэнесансу. У архітэктуры больш позняга перыяду (палацавыя комплексы Капенгагена) спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму.

Адметны горад Хельсінгор, заснаваны ў ХV стагоддзі. Там знаходзіцца знакаміты замак Кронбарг. Яго яшчэ называюць замкам прынца Гамлета, які стаў галоўным героем вядомага аднайменнага твора англійскага драматурга Уільяма Шэкспіра.

Замак Кронбарг, пабудаваны ў ХVІ стагоддзі, – адзін з найбольш вядомых гістарычных помнікаў Даніі. Падмуркам шэкспіраўскага сюжэту стала гісторыя, занатаваная ў адной з кніг гісторыка XII стагоддзя Сакса Граматыкуса, дзе распавядаецца пра караля Ютландыі Харвендыле, яго брата Фенгама, жонку Герутэ і сына Амледа.

Кронбарг, змешчаны на паўночным ускрайку вострава Зеландыя, адзін з найбольш прыгожых замкаў эпохі Рэнесансу ў Паўночнай Еўропе.

Гэты замак вядомы таксама як месца адпачынку міфалагічнага ваяра Ольгера Дацкага (Holger Danske), чыя статуя знаходзіцца ў сутарэннях пад будынкам. Паводле легенды, калі Данія ў небяспецы, каменная фігура набывае плоць і кроў і ўздымаецца на абарону Каралеўства.

Зрэшты, у маленькай Даніі больш за 700 музеяў, а ў адным толькі Капенгагене іх некалькі дзясяткаў. Вандроўнікам будзе цікава пабываць у Музеі карэт, у Музеі гісторыі тэатра, у Круглай Вежы, у Музеі працы. Гліптатэка знакамітая сваімі калекцыямі скульптур, а таксама французскім і дацкім жывапісам ХІХ-ХХ стагоддзяў. Багатая калекцыя прадстаўлена ў Нацыянальным музеі.

Шмат адметнага ў Каралеўстве Данія. Але ж самае галоўнае багацце краіны – самі датчане, іх прыязнасць, гасціннасць і гумар. Датчане шануюць свае нацыянальныя старажытныя традыцыі, любяць мастацтва і вельмі беражліва ставяцца да гістарычных фактаў, звязаных са спадчынай іх Радзімы.

Калі жадаеце выклікаць прыхільнасць да сябе датчаніна або датчанкі, пахваліце ад душы Данію. Нацыянальны гонар – агульная рыса жыхароў гэтай гасціннай краіны.

Капенгаген – сталіца Каралеўства Данія

Галоўная славутасць Даніі – вядома ж яе сталіца Капенгаген з насельніцтвам каля 1,5 мільёна чалавек. Назва Капенгагена паходзіць ад слоў «koben-Havn», што перакладаецца як «гандлёвая прыстань». Горад месціцца на востраве Зеландыя. Капенгаген, найвялікшы горад краіны, быў заснаваны ў 1167 годзе біскупам Абсалонам, які заклаў фартэфікацыйнае збудаванне. У 1417 годзе кароль Эрык VII зрабіў Капенгаген сваёй сталіцай і атачыў сцяной, якая прастаяла да XIX стагоддзя. Будаўніцтва на тэрыторыі па-за межамі сцяны распачалося толькі ў 1852 годзе, таму гістарычны цэнтр Капенгагена даволі кампактны. Гістарычнае ядро горада знаходзіцца на востраве Слотсвольмэн. Тут знаходзяцца – палац Росэнборг, біржа, палац Шарлотэнборг (усе ХVІІ ст.), палац-парламент Крысціянсборг (ХVІІІ ст.), палацавы комплекс Амаліенборг (ХVІІІ ст.).

У цэнтры Капенгагена месціцца старадаўняя Ратушная плошча. На ёй – будынак Ратушы (18921905 гг.), спраектаваны пад уплывам ідэй італьянскага Рэнесансу. Яе партал ўпрыгожвае статуя заснавальніка Капенгагена, біскупа Абсалона. Вышыня ратушнай вежы – 105 метраў. На Ратушнай плошчы знаходзіцца арыгінальны барометр. У добрае надвор’е з’яўляецца фігура дзяўчыны на ровары, а ў непагодлівае – з парасонам у руцэ.

Заўсёды ў цэнтры ўвагі датчан і гасцей Дацкага Каралеўства велічны і прыгожы палац Амаліенборг. Палац – рэзідэнцыя дацкіх каралёў вось ужо 200 гадоў! Ён узведзены ў стылі ракако напрыканцы XVIII стагоддзя. На плошчы каля яго праходзіць традыцыйная цырымонія змены варты. Ахоўнікі апрануты ў эфектную форму і высокія капялюшы, традыцыйнае мядзведжае футра якіх зменена на штучнае як знак ашчаднага стаўлення да жывёл, экалогіі.

У цэнтры Капенгагена знаходзіцца найстарэйшы ў свеце парк атракцыёнаў Цівалі, які быў адкрыты ў 1843 годзе. Сярод кветак і фантанаў праходзяць спектаклі балета і пантамімы, у канцэрт-холе выступае сімфанічны аркестр, тут праводзяцца імпрэзы ў дзіцячым тэатры. Кола агляду, горкі, арэлі, 37 рэстарацыяў, якія прадстаўляюць традыцыі нацыянальнай дацкай кухні… Па чацвяргах, суботах і нядзелях у парку ладзяцца парады гвардзейцаў. Па вечарах казачны гарадок Цівалі асвятляюць 115000 лямпаў, а ў сераду і суботу ў начное неба над ім ўзлятаюць агні феерверку… У Капенгагене таксама ёсць унікальны заапарк з 2 тысячамі відаў жывёл.

Сапраўднае ўпрыгажэнне Капенгагена – яго рамантычныя замкі, пабудаваныя ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях: не толькі каралеўскі Амаліенборг, але і Крысціянборг, Розэнборг, Фрэдэрыксборг. У іх сабраны вялікія калекцыі твораў мастацтва. Гонар Капенгагенскага кафедральнага сабора Фор-Фру-Кірк – знакамітая скульптура «Хрыстос і дванаццаць апосталаў». Царква ў раёне Крысціянсхаўн прыцягвае ўвагу аматараў мастацтва прыгожым барочным алтаром і арганам, аздобленым адмысловай разьбой. Адметная архітэктура будынка біржы, Дзяржаўнага мастацкага і Нацыянальнага музеяў.

Русалачка – сімвал Даніі

Шмат выдатных старадаўніх будынкаў, славутасцяў можна пабачыць у Капенгагене. Адна з самых выбітных знакамітасцяў дацкай сталіцы – вытанчаная скульптура Русалачкі. Гераіня казкі Андэрсэна сядзіць на гранітным валуне на ўзбярэжнай Лангеліне каля ўвахода ў гарадскі порт.

Бронзавая фігура Русалачкі створана вядомым дацкім скульптарам Эдвардам Эрыксанам па замове буйнога прамыслоўцы і мецэната Карла Якабсэна. Мадэллю для Русалачкі стала Элэн Прайс, жонка скульптара, балерына Каралеўскага тэатра оперы і балета. У 1913 годзе Карл Якабсэн падарыў скульптуру гораду, і з тых часоў без яе немагчыма ўявіць дацкую сталіцу.

«Hеj!» («Хай!») – па-дацку – «Прывітанне!»

Жыхары Даніі размаўляюць на сваёй мяккай і меладычнай дацкай мове. Датчане – адзін з чатырох скандынаўскіх народаў. Апроч датчан, скандынаўскімі народамі з’яўляюцца шведы, нарвежцы, ісландцы. Іх далёкія продкі, якіх адносяць да германскіх плямён, засялілі Скандынаўскі паўвостраў яшчэ да ІV стагоддзя нашай эры. У старажытнасці прадстаўнікоў гэтых народаў называлі вікінгамі, а славяне варагамі. Вікінгі былі адважнымі і выдатнымі маракамі, ваярамі.

Гісторыя дацкіх вікінгаў

Мінулае Даніі такое ж цікавае, напоўненае падзеямі, як і гісторыя Беларусі, якая раней, як вядома, звалася Вялікім Княствам Літоўскім.

У IV стагоддзі на тэрыторыю Даніі прыбылі юты і англы. Пасля яны перасяліліся ў Брытанію, а паўвостраў Ютландыя засялілі даны, якія па-сутнасці, і далі назву самой краіне. Плямёны скандынаваў ўзначальвалі конунгі (каралі, правадыры).

Скандынавы, або вікінгі, вядомыя ў гісторыі сваімі марскімі прыгодамі. Яны былі добрымі мараходамі, дасягнулі берагоў Англіі, Францыі, Грэнландыі, а затым – і Амерыкі. Нарвежцы здзейснілі паходы ў Грэнландыю, Амерыку, засялілі Ісландыю. Датчане накіраваліся ў Францыю і Англію. У Англіі з IX стагоддзя дзейнічала вобласць дацкага права (Danelaw). У VIII–IX стагоддзях дацкія вікінгі дасягнулі Парыжа, а дацкі кароль Кнуд Вялікі валодаў Нарвегіяй, знаходзячыся ў саюзе са Швецыяй і Шатландыяй, захапіў Англію. Затым ён парадніўся з мясцовай дынастыяй шляхам шлюбу. У 1397 годзе была заснавана Кальмарская унія Даніі, Швецыі і Нарвегіі (у склад яе ўваходзіла таксама Ісландыя), на чале якой знаходзілася Маргарэтэ І Дацкая. У выніку ўся Скандынавія апынулася пад кіраваннем дацкай кароны. У XV–XVI стагоддзях ўлада стала належаць Рыгсраду (Каралеўскай радзе). Караля пачалі выбіраць. У 1523 г. была скасавана унія са Швецыяй. А ў 1600 годзе манархія зрабілася спадчыннай. З Нарвегіяй унія працягвалася да 1814, а з Ісландыяй – да 1944 года. Пэўны час Данія валодала герцагствам Шлезвіг Гальштэйн.

Храналогія асноўных падзей

3000 г. да н. э. – 1500 г. да н. э. – эпоха неаліту, развіццё жывёлагадоўлі і земляробства.

1500 г. да н. э. – 400 г. да н. э. – бронзавы век, знікненне радавога ладу, росквіт гандлю. 400 г. да н. э. – распаўсюджванне аселага земляробства, пачатак жалезнага веку.

Каля 450 г. – перасяленне англаў і ютаў у Брытанію. Каля 500 г. – перасяленне данаў ў Ютландыю, асіміляцыя імі іншых плямёнаў.

Каля 800 г. – знікненне радавога ладу, пераход да феадальных стасункаў, пачатак напаўгандлёвыхнапаўваяўнічых экспедыцый вікінгаў, першыя спробы палітычнага аб’яднання пад кіраўніцтвам Ск’ельдунгаў (конунг Гудфрэд ў паўднёвай Даніі са сталіцай у Хэдэбю). 826 г. – першая хрысціянская місія ў Данію (франк Ансгар). Каля 850 – заваяванне паўночнаўсходняй Англіі.

Каля 900 г. – удзел у нарманскім заваяванні паўночнай Францыі.

950 г. – памёр першы кароль Даніі Горм Стары, які аб’яднаў цэнтральную Ютландыю. 950–985 г.г. – кароль Даніі Харальд I Сінезубы, уключыў ў каралеўства ўсю Ютландыю, астравы дацкага архіпелага і Сконэ (поўдзень Скандынавіі).

960 г. – хрышчэнне Харальда, афіцыйная дата прыняцця хрысціянства ў Даніі. 1018–1035 г.г. – кароль Кнуд Вялікі, на кароткі час аб’яднаў пад сваёй каронай Данію, Англію і Нарвегію.

1086 г. – буйное паўстанне, забіты кароль Кнуд IV Святы.

1157–1182 г.г. – кароль Вальдэмар I Вялікі. Пачатак новага росквіту Даніі і ўмацавання яе ваенна-палітычнай магутнасці. Пачатак новага этапу ваеннай экспансіі.

1180–1181 г.г. – антыфеадальнае паўстанне ў Сконэ. 1182–1202 г.г. – кароль Кнуд VI.

1202–1241 г.г. – кароль Вальдэмар II. 1219 г. – заваяванне паўночнай Эстоніі.

1227 г. – параза ў бойцы пры Борнхэведзе, што прывяло да страты раней заваяваных тэрыторый на германскім і славянскім узбярэжжах Балтыйскага мора (акрамя вострава Руген).

1282 г. – узмацніліся феадалы, яны вымушаюць караля Эрыка V падпісаць хартыю аб абмежаванні яго паўнамоцтваў. Пачатак грамадзянскай вайны паміж феадальнай алігархіяй і нямецкімі наймітамі караля.

1320-я г. – параза каралеўскіх войскаў у вайне, ліквідацыя каралеўскай улады.

1340–1375 г.г. – кароль Вальдэмар IV Атэрдаг, аднаўленне і ўмацаванне манархіі. 1346 г. – страта паўночнай Эстоніі.

1367–1370 г.г. – дацка-ганзейская вайна, параза Даніі.

1370 г. – Штральзундскі мір. Ганза атрымала права ўмешвацца ў абранне дацкіх каралёў. 1380 г. – дацка-нарвежская ўнія.

1397 г. – была заснавана Кальмарская ўнія Даніі, Швецыі і Нарвегіі (у склад яе ўваходзіла таксама Ісландыя), на чале якой паўстала Маргарыта Дацкая, у выніку ўся Скандынавія апынулася пад валадарствам дацкай кароны.

1448–1481 г.г. – кіраванне караля Крысціяна I.

1460 г. – Крысціян I абраны герцагам Шлезвіга і графам Гальштэйна, што азначала ўваходжанне гэтых тэрыторый у склад Даніі.

Альгат – горад Сымонэ і Эспэра

Казка пачынаецца

Ёсць у Дацкім Каралеўстве змешчаны на поўдні цудоўны, невялічкі і вельмі ўтульны горад Альгат, дзе жывуць героі гэтай казкі – хлопчык Эспэр, яго сястрычка Сымонэ, тата ды котачка Міле.

Эспэр і Сымонэ вучацца ў мясцовай школе, а пасля ўрокаў займаюцца спортам. Яны захапляюцца спартыўнай гімнастыкай. Эспэр часта ўдзельнічае ў паказальных выступленнях, разам з сябрамі па камандзе дэманструе смелыя акрабатычныя практыкаванні. Любіць скакаць на батуце, які ў Даніі называваюць «трамбалінам». Таксама Эспэр – заўзяты футбаліст, гуляе за школьную каманду і імкнецца быць падобным да футбольных “зорак”. Сымонэ, апроч спартыўнай гімнастыкі, захапляецца маляваннем. З яе можа атрымацца добрая мастачка. Яе тата нават змясціў арыгінальныя малюнкі дачкі на самым бачным месцы ў гасцёўні.

А котачка Міле любіць шпацыраваць вакол дома. Нягледзячы на тое, што знешне Міле – мініяцюрная, спакойная, яна дэманструе зайздросны спрыт, скачучы з падлогі на значную вышыню, у адно імгненне залазіць на высокую шафу, выдатна ловіць мышак-палёвак.

Сымонэ і Эспэр таксама захапляюцца падарожжамі. Нярэдка яны выпраўляюцца ў вандроўкі з аднакласнікамі па розных рэгіёнах Даніі. Займальнай была экскурсія на востраў Борнхальм, дзе знаходзіцца старадаўні таямнічы замак. Сымонэ і Эспэр дома часта з цікавасцю разглядаюць фатаграфіі, зробленыя на Борнхальме. У верасні ў Даніі традыцыйна адзначаецца Дзень бульбы. Датчане, як і беларусы (ліцвіны – гістарычная назва), вельмі любяць бульбу, гатуюць з яе мноства смачных страў. У Дзень бульбы Эспэр і Сымонэ разам з усімі дацкімі школьнікамі збіраюць на полі гэтую цудоўную гародніну.

Шмат цікавых падзей адбылося ў жыцці Эспэра і Сымонэ. 9 красавіка іх прабабцы Карэн споўнілася 100 гадоў! Адзначала стагадовы юбілей Карэн ўся вялікая сям’я. Іх цудоўную, непаўторную, мілую прабабулю павіншавала сама каралева Даніі Маргарэтэ II. Павіншаваў яе і мэр Ольгата.

Прабуля Карэн атрымала мноства прыгожых падарункаў і прыняла шмат віншаванняў.

Гэта быў незабыўны, выдатны дзень!

А праз тыдзень віншавалі Сымонэ. Адбылося свята Канфірмацыі. У Даніі яго ўрачыста адзначаюць дзеці і іх бацькі, сваякі. Свята сімвалізуе пераход дзяўчынак і хлопчыкаў з дзіцячага ўзросту ў падлеткавы.

Разам з іншымі дзяўчынкамі і хлопчыкамі Сымонэ, апранутая ў прыгожую белую сукенку, з лёгкім белым напаўпразрыстым шалікам, з прыгожай фрызурай, падобная на прынцэсу, прыйшла ў царкву. Там адбылося святочнае набажэнства. Пастар урачыста дабраславіў дзяцей. Пасля госці павіншавалі Сымонэ і астатніх удзельнікаў Канфірмацыі… А затым, ужо дома, Сымонэ віншавалі тата і мама, бабуля, іншыя сваякі. Якое ж свята без падарункаў?! Тата падарыў лічбавы фотаапарат і новы, белага колеру ровар. Падарункамі быў завалены ўвесь стол, прызначаны спецыяльна для іх. Было весела і цікава.

Усіх уразіў сваім суперавангардным строем Эспэр.

У гэты дзень было зроблена шмат фатаграфій. У тым ліку і новым фотаапаратам Сымонэ. Канфірмацыя Сымонэ, вядома ж, запомнілася і захавалася ў памяці ўдзельнікаў падзеі. Цяпер гэтыя фота можна ўбачыць у ноўтбуку. Што з задавальненнем робяць усе тыя, хто хоча трапіць у атмасферу прыгожага і непаўторнага свята Канфірмацыі.

Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве

Казка

Аднойчы ў госці да Эспэра і Сымонэ завітала ліцвінская прынцэса па імені Наталліа. Яна хацела даведацца, як у Дацкім Каралеўстве рэстаўруюцца замкі. У яе краіне – Вялікім Княстве Літоўскім – ваяры з іншай дзяржавы некалі напалі на фамільны замак і разбурылі яго. І Наталлію цікавіла, як можна хутка і добра аднавіць вялікі, прыгожы і ўтульны былы дом яе дзядулі і бабулі, бацькоў Прынцэсы – Каралевы-мамы Надзеі І, Караля-таты Алеся. Словам, зрабіць замак такім, якім яго задумаў вядомы і таленавіты італьянскі архітэктар.

Убачыўшы Наталлію пасля няблізкага і няпростага падарожжа з Вялікага Княства Літоўскага ў Дацкае Каралеўства стомленай, бледнай, Сымонэ і Эспэр спачатку не вельмі паверылі, што перад імі сапраўдная прынцэса.

Ліцвінская госця распавяла, што авіякампанія «Эйр Бёлтык», (квіток на яе самалёт быў у Наталліі), не дала ёй магчымасці паляцець… Так! Авіялайнер паляцеў без Прынцэсы!

Такім чынам, квіток і грошы на яго прапалі!.. Пакуль Наталліа размаўляла са сваімі міністрамі, якія яе праводзілі, рэгістрацыя ўжо распачалася… Прынцэса і тыя, хто яе суправаджаў, не маглі бачыць за таніраваным шклом, як праходзіць рэгістрацыйная працэдура. А па радыё ніхто не паведаміў, што яна праз некаторы час сканчваецца… Прынцэса спазнілася ўсяго на дзве хвіліны… Рэгістратар правяла пасадку без Наталліі!..

Памахаўшы на развітанне Прынцэсе сваімі срэбнымі крыламі, авіялайнер паляцеў без яе ў Рыгу, дзе Наталліа павінна была перасесці на авіялайнер, які накіроўваўся ў Капенгаген… Рэгістратар магла пасадзіць Прынцэсу на самалёт, часу было дастаткова. Але яна не адгукалася на тэлефонныя званкі. І з’явілася праз… амаль гадзіну… Яе зусім не турбавала, што транзітная пасажырка не паляцела сваім рэйсам… – Што, будзеце набываць квіток на новы рэйс? Ён праз дзевяць дзён… – абыякава запыталася, апранутая ў стылёвую форму напышлівая служачая кампаніі «Эйр Бёлтык», любуючыся сабой і тым, якое робіць уражанне. З вас 350 еўра!

Продолжить чтение